Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начны онлайн-рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы (фота)


Радыё Свабода У Менску адбываецца мітынг, удзельнікі якога называюць афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка сфальшаванымі і заклікаюць правесьці новыя выбары. А.Мілінкевіч абяцае заставацца на плошчы ўсю ноч.

4.05

Аляксей Янукевіч, давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча, быў затрыманы міліцыяй, калі адыйшоў ад намётавага гарадка.

Аляксей пайшоў пагрэцца і папіць кавы ў кавярню Дома афіцэраў, дзе й быў затрыманы.

Міліцыянты стаяць на падыходах да плошчы і затрымваюць усіх патэнцыйных удзельнікаў акцыі на плошчы.

2.55

Затрыманыя Анатоль Лябедзька і Аляксандар Дабравольскі

Міліцыя затрымала Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Дабравольскага. Яны разам з Валянцінай Палевіковай і Людмілай Гразновай у 2.00 пайшлі папіць гарбаты ў бок ГУМу.

Валянціна Палевікова паведаміла, што па дарозе назад міліцыянты схапілі Лябедзьку і Дабравольскага. Іх закінулі ў аўтобус і павезьлі ў пастарунак. Валянціну Палевікову і Людмілу Гразнову не чапалі, але забаранілі ім прайсьці на Кастрычніцкую плошчу.

Кастрычніцкая плошча фактычна блякаваная. Новыя людзі сюды трапіць ня могуць, бо міліцыя блякуе ўсе навакольныя вуліцы.

***

Непаўналетнія актывісты руху “Зубр” Аляксандар Маўчанаў, Аляксандар Карапыш і дзяўчына Наста былі затрыманыя міліцыяй на падыходах да Кастрычніцкай плошчы, калі пайшлі па ежу.

2.40

Звон Свабоды застаецца ў Цэнтральным РАУС Менску

Давераная асоба Аляксандра Казуліна Алесь Пашкевіч і аўтара Звана Свабоды скульптары Алесь Шатэрнік і Аляксей Марачкін прыйшлі ў Цэнтральны РАУС з дакумэнтамі на звон з мэтай яго забраць.

Міліцыя адмовілася разглядаць дакумэнты. Звон і аўтамабіль, у якім яго перавозілі, затрыманыя на нявызначаны тэрмін. Падставы затрыманьня міліцыя не паведамляе.

2.10

Намётавы гарадок пашырыўся да 18 намётаў

На другую гадзіну ночы на Кастрычніцкай плошчы ў Менску знаходзяцца каля 500 чалавек - у асноўным моладзь.

У намётавым гарадку - ужо 18 намётаў. Гэты гарадок узяты ў падвойнае кола маладымі людзьмі, якія сьпяваюць, размахваюць сьцягамі.

На франтоне будынку Палацу прафсаюзаў вісяць лёзунгі “Верым, можам, пераможам!”, “Свабоду!”, “Мілінкевіч!” Як сказаў мне камэндант намётавага гарадка Алесь Мазур, моладзь мае намер заставацца ў гэтым гарадку столькі, колькі будзе патрэбна - і гэтую ноч, і наступную.

Міліцыі навокал няма - толькі час ад часу падыходзяць, паглядаюць здалёк і адыходзяць.

01:50

Перадае Аляксандар Лукашук:

(Лукашук: ) "Толькі што мы гаварылі з Аляксандрам Мілінкевічам і ягонай жонкай Інай Кулей. Іна Кулей сёньня выступіла на плошчы і выступіла надзвычай удала - эмацыйна, каротка, ёміста.

Плошча надзвычай цёпла прарэагавала на гэты выступ. Калі мы зь ёй пра гэта гаварылі, яна сказала эмацыйны зварот, эмацыйны водгук - гэта тая мова, на якой размаўляе плошча.

Аляксандар Мілінкевіч прызнаўся, што ён упершыню сёньня пачуў публічны выступ сваёй жонкі і быў вельмі ўражаны. Ён не падазраваў, што яна - настолькі выдатны аратар. Нарвэскія журналісты, якія прысутнічалі пры гэтай размове, сказалі: “Вось - новая Хілары Клінтан...”

Аляксандар Мілінкевіч расказваў пра свае падарожжы па краінах Эўропы. На ягоную думку, гэтыя падарожжы і тое, як яго там прымалі - усё гэта спрычынілася да таго, што ўчора і сёньня ўдзельнікі сустрэчаў на плошчы па-ранейшаму маюць магчымасьць працягваць свае выступы, што грубая сіла не была ўжытая, як гэта здаралася раней. Ён думае, што менавіта ягоная эўрапейская вядомасьць і ўвага да Беларусі, якая была выказаная падчас гэтых візытаў, спрычыніліся да таго, што ўлады пакуль асьцерагаюцца ўжываць фізычную сілу супраць удзельнікаў пратэстаў.

Мілінкевіч сярод іншага падзяліўся ўражаньнямі ад сустрэчаў з кіраўніком групы расейскіх назіральнікаў Уладзімерам Рушайлам. Гаворка ішла пра нагчыныя дачыненьні альтэрнатыўнага прэзыдэната да Расеі. Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што кожны раз, калі ён быў у краінах Эўразьвязу, у яго там пыталіся - а як новая Беларусь будавала б свае дачыненьні з Расеяй? І ён заўсёды адказваў, што інтарэсы Беларусі - і ў Эўропе, і ў Расеі. Але вось жа ягоныя расейскія суразмоўцы заўсёды мысьлілі катэгорыямі блёкаў - “дык вы з намі або вы зь імі?” Дык вось, адказ “і з вамі, і зь імі” вельмі цяжка было данесьці да разуменьня расейскіх суразмоўцаў.

Гаворачы пра мэты акцыі на плошчы Аляксандар Мілінкевіч зноў пацьвердзіў, што тое, што адбываецца цяпер, адбываецца на просьбу моладзі, што пляны былі зьмененыя менавіта з увагі на гэтыя просьбы. Моладзь хоча тут заставацца, хоча мець тут намёты. Акцыя на плошчы мае працягвацца як найменей да 25 сакавіка".

01:30

На Кастрычніцкай плошчы ў 1.30 застаецца каля пяцісот удзельнікаў маніфэстацыі, некаторыя зь іх прынесьлі з сабой гітары і сьпяваюць песьні, іншыя выгукваюць лёзунгі, сьмяюцца. Ва ўсіх добры настрой.

Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін застаюцца на плошчы, гавораць з удзельнікамі акцыі, наведваюць намётавы гарадок. Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што акцыя будзе працягвацца столькі, колькі вырашыць патрэбным моладзь. Асноўная частка людзей, якія знаходзяцца на плошчы -- гэта моладзь.

12 аўтобусаў брыгады спэцназу, якая ахоўвала адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, каля паловы другой ночы зьехалі ў месца сталай дысьлякацыі.

01:15

Перадае Аляксандар Лукашук:

(Лукашук: ) "У Менску 1.15, на плошчы каля 2000 чалавек. Мы тут стаім разам з Уладзем Арловым і налічылі 17 намётаў рознай велічыні. На адным зь іх чырвоным колерам на белым фоне напісана “Полацак з вамі!”

Намёты самыя розныя , вялікія і малыя. Цэлая група насельнікаў гэтых намётаў сядзіць адным колам, мы прынесьлі ім цукеркі і кветкі. Над плошчаў лунае больш за 20 бел-чырвона-белых сьцягоў, ёсьць таксама сьцягі Ўкраіны, Эўразьвязу, Расеі, руху “Зубр” ды іншыя. Кожныя 2-3 хвіліны чуюцца скандаваньні “Жыве Беларусь!”, “Верым, можам, пераможам!”

Усе пад''езды да Кастрычніцкай плошчы перакрытыя. Ад плошчы Перамогі і на ўзіх пад''ездах іншымі вуліцамі зьлева і справа рух транспарту спынены, усюды стаіць міліцыя. Магчыма, наступныя паўгадзіны стануць вырашальнымі, бо якраз у гэты момант на плошчы запанавала цішыня".

00:45

Прыблізна апоўначы сыны Аляксандра Мілінкевіча, якія былі затрыманыя раней на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы, былі вызваленыя

Як паведаміў старэйшы сын Мілінкевіча, калі яны падыходзілі да Кастрычніцкай пллошчы зь цёплымі рэчамі для бацькі і зь ежай, два супрацоўнікі міліцыі схапілі іх, кінулі ў уазік і завезьлі ў пастарунак. Там быў складзены пратакол затрыманьня і забраньня рэчаў, але празь нейкі час зьявіўся вышэйшы міліцэйскі чын, парваў гэты пратакол і загадаў іх вызваліць. Міліцыянты нават завезьлі іх да Кастычніцкай плошчы. Такім чынам яны змаглі перадаць бацьку цёплыя рэчы і ежу.

Акрамя таго затрыманы раней сын журналісткі газэты “Известия” Алены Данейкі таксама быў вызвалены супрацоўнікамі міліцыі на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” . У яго забралі толькі спальны мех, які ён нёс у намётавы гарадок.

00:30

Міліцыя затрымала Звон Свабоды, які быў усталяваны на Кастрычніцкай плошчы

Пасьля таго, як Аляксандар Казулін і ягоныя прыхільнікі вырашылі занесьці Звон Свабоды на кватэру Казуліна, міліцыя затрымала машыну, у якой везьлі звон.

Затрыманьне адбылося літаральна ў арцы пад''езду дома Казуліна. Разам са звонам затрыманыя два кіроўцы. Іх завезьлі ў РАУС Цэнтральнага раёну. Міліцыя патрабуе, каб былі прадстаўленыя дакумэнты на мастацкі выраб ад аўтараў - Алеся Шатэрніка і Аляксея Марачкіна. Аляксандар Казулін мае намер вызвальіць Звон Свабоды ў найбліжэйшым часе.

00:00

Зьявілася трывожныя зьвесткі. Паведамляецца, што былі затрыманыя сыны Мілінкевіча -- Вітаўт і Аляксандар. Прынамсі, зьвесткі пра затрыманьне старэйшага сына Аляксандра пацьвердзіла спадарыня Палевікова. Паводле яе, затрыманьня сына Мілінкевіча адбылося непадалёк ад падыходу да Кастрычніцкай плошчы.

Карэспандэнт газэты "Известия" паведаміла, што яе сын і ягоная сяброўка таксама былі затрыманы і зараз утрымліваюцца ў міліцыі мэтрапалітэну.

Як выглядае, міліцыя затрымлівае людзей па адным ці па двое, калі яны сыходзяць або прыходзяць на Кастрычніцкую плошчу.

Колькасьць людзей стабілізавалася -- каля двух тысяч чалавек застаюцца на плошчы.

23:45

Амаль апоўначы сытуацыя на Кастрычніцкай плошчы спакойная. Людзі гутараць, знаёмяцца, пэрыядычна выкрыкваюць лёзунгі. Некаторыя абменьваюцца тэлефоннымі нумарамі. Пастаўлена 10 намётаў, каля якіх быў усталяваны ланцуг людзей для аховы. Туды людзей запрашаюць на раздачу цёплай гарбаты. Некаторыя раздаюць бутэрброды з салам. Людзі зьбіраюцца прабыць на плошчы усю ноч.



Анатоль Лябедзька і Аляксандар Дабравольскі, зь якімі я толькі што пагаварыў, таксама зьбіраюцца заставацца тут усю ноч.

Каля двух дзясяткаў машын за спэцназам стаяць каля Купалаўскага тэатру і каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Але людзі спадзяюцца, што сілавога разгону ня будзе.

23:30

На плошчы застаецца каля 2-3 тысячы чалавек. А.Мілінкевіч папярэдзіў людзей, якія сыходзяць з плошчы, каб яны не сыходзілі па адзіночцы, бо гэта павялічыць іх шанец затрыманьня міліцыяй. Моладзь на гэтыя словы пачалі скандзіраваць “Застаемся!”. На плошчу прынесьлі каву і гарбату.

23:00

Каля 23-й гадзіны здарыўся інцыдэнт ля ўваходу ў мэтро ст.м.Кастрычніцкая. Міліцыянты спрабавалі затрымаць юнака, які прывёз на плошчу два намёты. Але іншыя ўдзельнікі мітынгу абаранілі яго, і ён ня быў затрыманы. А.Мілінкевіч запрасіў на трыбуну прадстаўнікоў міліцыі і заклікаў іх "абараняць тэрыторыю вольнай Беларусі", якой цяпер стала Кастрычніцкая плошча.

Міліцыя папрасіла ўдзельнікаў акцыі пасьля 23-й гадзіны не ўключаць гучна музыку, і яна была выключаная. На плошчы ўжо знаходзіцца 8 намётаў.

22:30

З плошчы перадае наш карэспандэнт:

"Я паразмаўляў з Казуліным. Аляксандар Казулін сказаў, што будзе на плошчы да таго часу, пакуль на ёй будуць людзі. Казулін распавёў, што пахадзіў па дварох, дзе стаяць амонаўцы, і ўбачыў, што яны настроеныя вельмі жорстка. Палітык спрабаваў пачаставаць іх цукеркамі, але яны адмовіліся. Паводле Казуліна разам з амонаўцамі ў дварах стаяць байцы СОБР і “крапавыя бэрэты”. Казулін перасьцерагаецца, што калі людзі з плошчы збольшага разыйдуцца, гэтыя байцы могуць разагнаць тых, хто застанецца на плошчы.

Тым часам Аляксандар Мілінкевіч падышоў да намётавага гарадка і падзякаваў людзям, якія там знаходзяцца."

21:30

Ужо трэцюю гадзіну ідзе мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Прадстаўніца Бабруйска распавяла, што іхную машыну затрымалі па дарозе, але яны здолелі прарвацца на плошчу.

Сяргей Салаш, які сёньня быў вызвалены з турмы на Акрэсьціна, выступіўшы на плошчы, сказаў, што за Мілінкевіча на Акрэсьціна прагаласавала 90%.

Прадстаўнікі руху “Хопіць!” заклікалі прысутных на плошчы прыносіць з дому намёты і разьбіць на плошчы палатачны гарадок. Паводле іх, калі на плошчы будуць стаяць не 4, як зараз, а найменей 50 намётаў, то намётавы гарадок не атрымаецца разбурыць.

Дэпутат парлямэнту Нарвэгіі, выступаючы на Кастрычніцкай плошчы, заявіў, што вочы сьвету сёньня прыкаваныя да гэтай плошчы ў Менску.

21:00

Некалькі хвілінаў таму на Кастрычніцкай плошчы былі агучаныя навіны Радыё Свабода. Плошча сустракала іх воплескамі.



Усталяваныя першыя чатыры намёты. Вакол іх шчыльным шэрагам стаіць ахова. Супрацоўнікі міліцыі і КДБ спрабавалі разбурыць намёты, але ахова не дазволіла ім.



Аляксандар Мілінкевіч і ягоная давераная асоба Аляксандар Дабравольскі заклікалі прысутных не разыходзіцца, званіць родным, прасіць іх прыносіць на плошчу цёплае адзеньне, ежу, каву і гарбату.

"Правы альянс" далучацца да дружыны на плошчы, дружына "Правага альянсу" ахоўвае гукаўзмацняльную апаратуры і выступоўцаў.

20:30

Толькі што зноў выступіў Аляксандар Мілінкевіч. Ён заявіў, што ён ня будзе сыходзіць з гэтай плошчы ўсю ноч. Ён заклікаў прысутных, каб яны папрасілі сваіх родных прынесьці гарбату і ежу, каб заставацца на плошчы ўсю ноч.

20:15

Разам зь Лявонам Вольскім людзі на Кастрычніцкай плошчы сьпяваюць ягоныя песьні пра свабоду. Над натоўпам зьявіўся вялізарны, на дзясяткі мэтраў бел-чырвона-белы сьцяг.

Анатоль Лябедзька , выступаючы на мітынгу, сказаў, што марыў пра тое, каб кіеўскі Майдан хаця б на 10 тысячаў чалавек адбыўся ў Менску.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў у сваім выступе паўтарыў словы Папы Яна Паўла Другога “Ня бойцеся”.

Інна Кулей, жонка Аляксандра Мілінкевіча, сказала, што сьвет не дазволіць, каб краінай кіравалі людзі, пры якіх зьніклі Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі.

На мітынгу была прынятая рэзалюцыя з 10 пунктаў. У рэзалюцыі заяўляецца, што “выбарчая кампанія прайшла з парушэньнямі закону”, што “Лукашэнка і Ярмошына сфальсыфікавалі вынікі выбараў”. У дакумэнце ўтрымліваецца патрабаваньне прызначыць новыя выбары на 16 ліпеня. На плошчы на гэты момант знаходзяцца прыблізна 10-15 тысячаў чалавек. На падыходзе да плошчы быў затрыманы мастак Уладзімер Кішкурна.

19:15

Па праспэкце Незалежнасьці (Скарыны) з Уручча ў бок цэнтру гораду на высокай хуткасьці рухаюцца дадатковыя калёны вайсковых грузавікоў. Іх суправаджаюць міліцыйскія аўтамабілі з уключанымі чырвонымі мігалкамі.



Тым часам на плошчы ўжо сабралося 5-6 тысяч чалавек. Яны займаюць прыблізна палову Кастрычніцкай плошчы. Бачна шмат сьцягоў: бел-чырвона-белых, украінскіх, расейскіх, Эўразьвязу, Менску з Маці божай... Быў прывезены адліты з бронзы Звон Свабоды. Гэта было зроблена на ініцыятыву Аляксандра Казуліна. У 19:15 пачаў выступ Аляксандар Казулін. Ён заяўляе, што Лукашэнка ўчыніў "дзяржаўны пераварот.

Перад Казуліным выступіў Аляксандар Мілінкевіч. Ён заявіў, што ідэалёгія Лукашэнкі трымаецца на хлусьні. Ён таксама назваў вынікі -- дзяржаўным пераваротам і незаконным захопам улады. Ён прапанаваў прыняць рэзалюцыю з патрабаваньнем правесьці паўторныя выбары.

17:15

Каля 17-й гадзіны ў Менску былі заўважаныя калёны грузавікоў і аўтобусаў з асабовым складам, якія рухаліся ў напрамку цэнтру:

XS
SM
MD
LG