Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Эўрапарлямэнту: Лукашэнка ня можа быць прызнаны легітымным прэзыдэнтам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сябры часовай (ad hoc) Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў Беларусь з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у распаўсюджанай сёньня ў Брусэлі адмысловай заяве напісалі, што Аляксандар Лукашэнка ня можа быць прызнаны легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

“Учора народ Беларусі чарговы раз пазбавілі ягонага фундамэнтальнага права на ўдзел у свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбарах”, – гэтымі словамі пачынаецца тэкст заявы эўрапейскіх парлямэнтароў.

У дакумэнце адзначаюцца чатыры пункты, на падставе якіх была зробленая выснова аб недэмакратычнасьці беларусіх выбараў.

Паводле дэпутатаў, галасаваньне адбывалася ў атмасфэры страху і пагрозаў на адрас удзельнікаў мірных дэманстрацыяў, сотні актывістаў апазыцыі былі арыштаваныя напярэдадні выбараў, правы незалежных кандыдатаў былі абмежаваныя, а беларускія ўлады не пусьцілі ў краіну назіральнікаў ад Эўрапейскага парлямэнту.

“Таму мы сьцьвярджаем, што спадар Лукашэнка ня можа быць прызнаны лігітымным прэзыдэнтам. Абараняючы бясспрэчнае права беларусаў на выбар свайго лідэра дэмакратычным шляхам, мы заклікаем паўтарыць выбары ў Беларусі ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі”, – заяўляюць сябры Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту.

Дэпутаты віталі таксама масавыя дэманстрацыі ў Менску, назваўшы іх “перамогай над страхам”.

Аўтары заявы заклікалі Эўрапейскі зьвяз весьці больш жорсткую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, каб “ізаляваць рэжым”, і адначасова ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Дэпутаты заклікалі таксама міжнародную супольнасьць паставіць беларускае пытаньне “ў сьпіс прыярытэтных”.

Гаворыць старшынія Дэлегацыі Эўарапарлямэнту ў Беларусь з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў Богдан Кліх:

(Кліх: ) “Выбары спадара Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта адбыліся незаконна, таму мы зьвяртаемся да Эўрапейскай камісіі з заклікам пашырыць сьпіс неўязных беларусіх чыноўнікаў і адначасова спрасьціць візавы рэжым для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі і ўсіх беларускіх грамадзянаў, каб яны маглі без перашкодаў наведваць краіны Эўразьвязу”.

Заява Дэлегацыі перададзеная ў Эўрапарлямэнт, Эўрапейскую камісію і Раду Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG