Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Дабравольскі: На плошчу людзі ідуць не за грошы, а па праўду


Радыё Свабода, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка публічна абвінаваціў лідэраў апазыцыі ў тым, што яны нібыта плацілі грошы моладзі за ўдзел у акцыях на Кастрычніцкай плошчы, а пасьля на плошчы Перамогі. Гэтае абвінавачаньне кіраўнік дзяржавы зрабіў падчас прэсавай канфэрэнцыі з нагоды пачатку яго трэцяга запар прэзыдэнцкага тэрміну.

Аляксандра Лукашэнку запыталіся: калі пераважная бальшыня выбарцаў прагаласавла за вас, чаму тысячы людзей выйшлі на вуліцы пратэставаць? Прэзыдэнт спачатку сказаў, што гэта сьведчыць пра дэмакратычнасьць беларускага грамадзтва, а пасьля дадаў:

(Лукашэнка: ) “Гэта ж 14—15-гадовыя падлеткі, якім заплацілі 20 тысяч беларускіх рублёў за тое, каб яны выйшлі і свае 20 тысяч адпрацавалі”.

Намесьнік старшыні выбарчага штабу Аляксандара Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі ўвесь учорашні вечар непасрэдна правёў з маніфэстантамі на вуліцы. Выказваньне кіраўніка дзяржавы яго вельмі абурыла:

(Дабравольскі: ) “Я хачу сказаць, што ніводзін нармальны чалавек пад пагрозай праліцьця крыві, якую распаўсюджвалі эсэмэскамі, мабыць, спэцслужбы, за 20 тысяч рублёў на плошчу ня пойдзе, калі ў яго душы няма пратэсту і няма жаданьня праўды. Калі ў яго такое жаданьне ёсьць, дык ніякія грошы яго не заменяць. Яно даражэйшае за любыя грошы. Калі Лукашэнка гэтага не разумее, дык мне яго вельмі шкада”.

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, не называючы канкрэтнага прозьвішча, што аднаму з арганізатараў маніфэстацыі нават ягоная партыя “Грамада” адмовіла ў даверы пасьля таго, як ён заклікаў ісьці ўвечары на вуліцы:

(Лукашэнка: ) “Чаму вы не запытваеце ў мяне, што партыя — “Грамада” ці неяк інакш называецца, якую адзін з вашых любімчыкаў купіў за грошы, — фактычна адмовіла яму ў падтрымцы? Як толькі людзей пачалі клікаць на вуліцы, яны паднялі рукі й сказалі, што мы з гэтым чалавекам ня пойдзем!”

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк гаворыць, што ніякіх рашэньняў партыя апошнім часам не прымала:

(Нісьцюк: ) “Партыйныя рашэньні, зьвязаныя з выбарамі, былі прыняты на зьезьдзе 25 лютага”.

(Карэспандэнт: ) “А што скажаце накот заявы, што нехта купіў вашую партыю?”

(Нісьцюк: ) “Тых, хто быў са Статкевічам, тых, хто быў з Каралём, тых, хто быў сам, — каб аб’яднаць нейкімі матэрыяльнымі магчымасьцямі, спатрэбілася б вельмі шмат грошай. Па-другое, пятнаццаць гадоў найноўшай гісторыі дэманструюць, што менавіта з нашых шэрагаў выйшлі самыя актыўныя барацьбіты, у тым ліку і вулічныя. Такія, як Мікола Статкевіч, а цяпер найбольш рашучы Аляксандар Казулін”.

Гл.таксама • 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу Менску прыйшло каля 30 000 чалавек (фота)
XS
SM
MD
LG