Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палітычныя” на Акрэсьціна абвясьцілі галадоўку


Радыё Свабода Са спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ў Менску пачынаюць выходзіць людзі, якія 12 сакавіка былі арыштаваны за арганізацыю сустрэчаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі. У нядзелю некаторыя “палітычныя” абвясьцілі галадоўку.

У панядзелак са спэцпрыёмніку выйшаў Ільля Петравец. Яго затрымалі пасьля сустрэчы выбарцаў зь Мілінкевічам 12 сакавіка і асудзілі на 8 сутак. У камэры, дзе сядзеў Ільля, — дзесяць чалавек, і ўсе асуджаныя па артыкулах 167 (удзел у несанкцыянаваным мітынгу), і 156 (пагроза міліцыянтам). Двое сукамэрнікаў Ільлі атрымалі 15 сутак арышту, адзін — 12 сутак, чатыры чалавекі — 10 сутак, астатнія — 8. З чацьвярга арыштаваным не перадаюць харчовых перадачаў. Распавядае Ільля Петравец:

(Ільля: ) “Амаль усё Акрэсьціна, як мы чулі, перагаворваючыся па вэнтыляцыі, забіта такімі ж палітычнымі, як і мы. Народу хапае. Перадачаў не бяруць з чацьвярга. Наша камэра з учорашняга дня абвясьціла галадоўку на знак пратэсту. Там кормяць проста жахліва чым! А ў некаторых, якія сядзелі са мной разам, хворыя страўнікі, і ім нельга так харчавацца. Выклікалі “хуткую дапамогу”, таму што доктара не было на выходных. Прасілі, каб хворых людзей адвезьлі ў бальніцу здаць аналізы, але іх не хацелі везьці. Мабыць, далі загад, каб ня везьлі. Калі прыяжджае “хуткая дапамога”, адзінае, могуць памерыць ціск і даць таблетку — і ўсё”.

Што да харчаваньня, то ў спэцпрыёмніку насамрэч кормяць два разы на дзень, а ня тры, як, дарэчы, запісана ў правілах утрыманьня арыштаваных. Раніцай — хлеб, каша на вадзе і напой, падобны на гарбату. Дарэчы, адзінае, чаго даюць шмат — дык гэта хлеба: 600 грамаў на дзень, сьцьвярджае Ільля. Прыкладна ў 16—17 — абед, і ўсё — вячэры няма.

(Ільля: ) “Абед пачынаецца прыкладна ў гадзінаў 4—5. Даюць штосьці падобнае да супу, такую баланду. Зноўку хлеб. Кашу з катлетай, якая называецца катлетай, а насамрэч там хлеб. І гарбата, якая называецца “гарбатным напоем”, таму што не падобная да гарбаты”.

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру “Вясна”, у сталічным спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку цяпер трымаюць каля шасьці дзясяткаў арыштаваных за ўдзел у масавых акцыях.
XS
SM
MD
LG