Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: пры падліку галасоў імя Мілінкевіча гучала значна часьцей за іншыя


Радыё Свабода Не зважаючы на арышты актывістаў напярэдадні выбараў, на выбарчых участках у Горадні ўсё ж прысутнічалі незалежныя назіральнікі. Аднак магчымасьці выканаць сваю ролю яны ня мелі. У абласным штабе Аляксандра Мілінкевіча лічаць вынікі галасаваньня цалкам сфальшаванымі.

Напачатку я пацікавіўся ўражаньнямі ад прэзыдэнцкіх выбараў у Анатоля Хацька — даверанай асобы Аляксандра Мілінкевіча, кіраўніка абласнога штабу. Вось як ён іх ацэньвае:

(Хацько: ) “Якое ў мяне стаўленьне да выбараў? Выбараў у прынцыпе не было, была злачынная работа выбарчых камісіяў, якія падпісвалі загадзя падрыхтаваныя пратаколы. Рэальна я ведаю, што ў Горадні болей за пяцьдзясят адсоткаў выбаршчыкаў прагаласавалі за Мілінкевіча”.

Кіраўнік гарадзкога штабу, дэпутат гарсавету Сяргей Антусевіч знаходзіўся падчас выбараў на ўчастку. Ён гаворыць, што на кожным участку сядзелі пяць-шэсьць гэтак званых унутраных — прыўладных назіральнікаў, яны сачылі за незалежнымі, пісалі на іх акты, каб не дапусьціць іх да падліку галасоў. Але ў выніку і сапраўднага падліку не было, гаворыць Сяргей Антусевіч:

(Антусевіч: ) “Быў цалкам парушаны парадак, прадугледжаны 55-м артыкулам Выбарчага кодэксу: не пагашаліся бюлетэні, яны не падлічваліся, не лічылі галасы ў скрынях паасобку — пасьля датэрміновага і асноўнага галасаваньня. Пасьля, натуральна, што ніхто з назіральнікаў ня мог бачыць, якім чынам уся гэтая маса бюлетэняў разьмяркоўвалася паміж кандыдатамі на прэзыдэнта”.

На ўчастку №60, дзе быў Сяргей Антусевіч, члены камісіі, падлічваючы галасы, прозьвішчы кандыдытаў называлі ўголас.

(Антусевіч: ) “Я зьвярнуў увагу назіральнікаў на сваім участку, што прозьвішча “Мілінкевіч” гучала ў некалькі разоў часьцей, чым усе астатнія, у тым ліку прозьвішча Лукашэнкі. Толькі пры канцы, напэўна, зразумеўшы, што гэта ня тое, што ім трэба, яны пачалі гаварыць: Лукашэнка, Лукашэнка. А так было: Мілінкевіч, Мілінкевіч, Казулін, Гайдукевіч, Мілінкевіч, Мілінкевіч, Мілінкевіч. Фактычна яго прозьвішча гучала пастаянна”.

Спадар Антусевіч зазначае, што пры канцы ўсе бюлетэні склалі ў адзін стос і апячаталі, пратакол старшыня з сакратаром пісалі гадзіну, а потым зьявіліся наступныя лічбы: за Лукашэнку — нібыта больш за 75%, за Мілінкевіча — усяго 14%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG