Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ: выбары не былі свабоднымі й дэмакратычнымі


Радыё Свабода Назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ і Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ заявілі, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў. Таксама не былі выкананы забавязаньні перад АБСЭ адносна дэмакратычных выбараў, нягледзячы на тое, што людзям далі магчымасьць сапраўднага выбару з чатырох кандыдатаў.

Вынікі назіраньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску агучылі старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Элсі Гастынгс і кіраўнік місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў Герт Арэнс.

Спадар Гастынгс заявіў, што выбары як такія не ствараюць дэмакратыі, аднак зьяўляюцца найважнейшым аспэктам дэмакратычнага працэсу.

(Гастынгс: ) “У Беларусі дэмакратычны працэс знаходзіцца ў пачатковым стане і разьвіваецца вельмі марудна”.

Паводле спадара Гастынгса, прагрэс быў у асобных пытаньнях — напрыклад, рэгістрацыя кандыдатаў і падрыхтоўка ЦВК. Гэтыя ды іншыя станоўчыя аспэкты будуць адлюстраваны ў больш дэталёвай справаздачы.

(Гастынгс: ) “Аднак прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 19 сакавіка не адпавядалі неабходным міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў. Заключэньне Парлямэнцкай Асамблеі і Бюро дэмакратычных інстытутаў грунтуецца на значным матэрыяле, які схіляе да крытычнай ацэнкі. На жаль, істотныя недахопы азмрочылі ўсе пазытыўныя аспэкты, заўважаныя падчас выбараў”.

Спадар Гастынгс заявіў, што ўлада не дазволіла многім назіральнікам прыняць удзел у назіраньні. 19 прадстаўнікам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ адмовілі ў візах. У гэтым сэнсе Беларусь парушыла свае міжнародныя забавязаньні.

(Гастынгс: ) “Відавочна, што дзейны прэзыдэнт дазволіў так скарыстаць дзяржаўную ўладу, каб не адбыліся свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі”.

Кіраўнік назіральнай місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў Герт Арэнс заявіў, што падчас выбараў было зашмат сур’ёзных парушэньняў міжнародных стандартаў у галіне выбараў.

(Арэнс: ) “Зь вялікім шкадаваньнем мы назіралі, як пагаршаецца сытуацыя напрыканцы выбарчай кампаніі, уключаючы шырокамаштабныя затрыманьні актывістаў і прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці. І пазытыўная ацэнка выбараў стала проста немагчымай. Я вельмі шкадую. Аднак абавязацельствы АБСЭ павінны быць найвышэй за ўсё, і выбары гэтым стандартам не адпавядалі”.

У справаздачы назіральнай місіі АБСЭ гаворыцца, што злоўжываньні дзяржаўнай уладай, відавочна, мелі за мэту абараніць дзейнага прэзыдэнта. Дзейны прэзыдэнт яўна скарыстаўся дзяржаўнай уладай так, што гэта не дазволіла грамадзянам свабодна і справядліва выявіць сваю волю падчас галасаваньня, адзначана ў справаздачы назіральнікаў АБСЭ.
XS
SM
MD
LG