Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашук у інтэрвію CNN: “Сталіна таксама падтрымлівала большасьць”


Аляксандар Лукашук, Менск Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук даў інтэрвію тэлекампаніі CNN.

(CNN: ) “Цэнтральная выбарчая камісія абвясьціла вынікі выбараў: Аляксандар Лукашэнка мае 82,6% галасоў, Аляксандар Мілінкевіч — 6%. Чым тлумачыцца такі вынік?”

(Лукашук: ) “Гэтыя лічбы нікога не зьдзівілі. Але прадказальны вынік не азначае, што ён сапраўдны альбо прымаецца ўсімі. Апазыцыя заяўляе, што ніводзін элемэнт выбараў — збор подпісаў, доступ да СМІ, фармаваньне выбарчых камісіяў, назіраньне, датэрміновае галасаваньне, прапаганда ў дзяржаўных СМІ ў дзень галасаваньня — немагчыма назваць сумленным”.

(CNN: ) “Аляксандар Мілінкевіч заклікаў сёньня сваіх прыхільнікаў зноў прыйсьці на плошчу. Ці не баяцца людзі, што будзе скарыстана сіла?”

(Лукашук: ) “Атмасфэру страху стварала сама ўлада, перапалоханая каляровымі рэвалюцыямі. Тэлебачаньне бясконца паказвала кадры вулічных беспарадкаў у Кыргызстане, грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі, барыкады ў Кіеве, амэрыканскіх салдат. У суботу мільёны ўладальнікаў мабільных тэлефонаў атрымалі ананімнае СМС з папярэджаньнем не хадзіць на плошчу, бо рыхтуюцца кровапраліцьцё й страляніна. Старшыня КДБ, генпракурор, міністар унутраных спраў прыраўнялі мітынг да падрыхтоўкі да тэрарыстычнай акцыі, у горад былі ўведзены спэцыяльныя падразьдзяленьні сілаў бясьпекі. Але людзі сабраліся — і мітынг прайшоў мірна. Што да сёньняшняга мітынгу: наўрад ці ўлада будзе ўжываць сілу. Вынікі абвешчаны, і ўлада хацела б атрымаць дадатковую легітымізацыю з боку міжнароднай супольнасьці. А сілавая акцыя гэтаму перашкодзіць”.

(CNN: ) “Кіраваньне Аляксандра Лукашэнкі многія зьвязваюць са стабільнасьцю й эканамічным разьвіцьцём пасьля развалу Савецкага Саюзу: у Беларусі ўтрая вырасла заробная плата, назіраецца значны эканамічны рост, няма беспрацоўя. Лукашэнка карыстаецца падтрымкай большай часткі насельніцтва — хіба ня так?”

(Лукашук: ) “Насамрэч, мы ня ведаем. Парлямэнцкія, прэзыдэнцкія выбары й рэфэрэндумы цягам 12 год прэзыдэнцтва Лукашэнкі АБСЭ ацэньвала як несправядлівыя, несумленныя. Напярэдадні ўчарашніх выбараў дасьледаваньні розных незалежных сацыялягічных службаў сьведчылі: Лукашэнку падтрымлівае больш за 50% насельніцтва. Можна, відаць, меркаваць, што Сталін таксама меў шчырую падтрымку большасьці савецкіх людзей.

Аднак гэта падтрымка гульца, які адзін на пляцоўцы, зь якім ніхто цягам апошніх 10 гадоў ня меў магчымасьці памерацца сіламі ў роўных умовах. Апанэнты бясьследна зьнікаюць, як здарылася з крытыкамі Лукашэнкі 6 год таму, апанэнтаў саджаюць за краты — у Беларусі зьявіліся палітычныя зьняволеныя амаль адразу пасьля абраньня Лукашэнкі, сотні актывістаў затрымалі, судзілі напярэдадні выбараў, суды прызначаны й на сёньня. Ну, і, зразумела, апанэнтаў не існуе ў СМІ: яны — ніхто.

Нягледзячы на ўвесь тэхнічны прагрэс, дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне застаецца чорна-белым. Белы колер для аднаго героя, чорны — для апазыцыі й Захаду.

Але варта было здарыцца рэдкаму моманту сёлета, калі выступ аднаго з кандыдатаў быў паказаны ў запісе без цэнзуры, як Лукашэнка відочна захістаўся. І не знайшоў іншага адказу, як перайсьці да адкрытых абразаў. Да таго ж, ухваліў зьбіцьцё гэтага кандыдата”.

(CNN: ) “Што далей, як падзеі могуць разьвівацца для апазыцыі, для Беларусі?”

(Лукашук: ) “Ніводзін аўтарытарны рэжым ня ў стане вырашыць складаныя задачы сучаснага сьвету. Інфармацыйная блякада асуджана на правал. Беларускі эканамічны цуд, які трымаецца на субсыдыях газу й нафты з Расеі, асуджаны на заканчэньне. І сваёй гісторыяй, і сваёй геаграфіяй Беларусь асуджана да дэмакратыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG