Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч не прызнаў вынікаў учарашніх выбараў і патрабуе новых


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня заявіў пра непрызнаньне вынікаў учарашніх выбараў і вылучыў патрабаваньне правесьці новыя сумленныя выбары прэзыдэнта, а таксама заклікаў грамадзян да масавых дэманстрацыяў у цэнтры Менску на падтрымку гэтых патрабаваньняў. Спадар Мілінкевіч прызначыў на сёньня ўчарашняе месца сустрэчы — Кастрычніцкая плошча, 18.30.

Аляксандар Мілінкевіч пачаў прэсавую канфэрэнцыю з заявы:

(Мілінкевіч: ) “Вынікаў выбараў мы не прызнаем. У Беларусі прайшлі не выбары, а неканстытуцыйны захоп улады. Цяперашні кіраўнік краіны ня меў права ў іх удзельнічаць. Таму, што ня быў легітымным рэфэрэндум 2004 году, і таму, што, паводле дзейнага заканадаўства Беларусі, Лукашэнка ня меў права на ўдзел у выбарах. Тыя ўмовы, у якіх прайшлі выбары, — яны незаконныя, рэпрэсіўныя. З моманту абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў (празь некалькі дзён) мы будзем лічыць, што ля ўлады ў Беларусі будзе знаходзіцца нелегітымны прэзыдэнт”.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў і ўсе дэмакратычныя краіны сьвету не прызнаваць А. Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі. Спадар Мілінкевіч вылучыў свае патрабаваньні да ўладаў:

(Мілінкевіч: ) “Мы патрабуем паўторных выбараў, пад час якіх будзе выконвацца заканадаўства краіны. Каб у камісіях абавязкова былі прадстаўнікі ад прэтэндэнтаў. Каб не было арыштаў і перасьледу па месцах вучобы й работы. Каб улада адмовілася ад рэжыму рэпрэсіяў пры правядзеньні выбараў”.

Спадар Мілінкевіч падкрэсьліў, што гэтыя патрабаваньні ўлада можа ўлічыць толькі пад ціскам нязгодных з абвешчанымі вынікамі выбараў. Ён заклікаў народ выйсьці ў панядзелак на Кастрычніцкую плошчу Менску й зазначыў, што толькі з дапамогай вуліцы апазыцыя зможа распачаць жорсткі дыялёг з уладай. “Учарашні дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі, — выснаваў спадар Мілінкевіч — Бо, нягледзячы на запалохваньні, на плошчу выйшлі дзясяткі тысяч людзей”.

(Мілінкевіч: ) “Такога сходу, маніфэстацыі краіна ня ведала дзесяць гадоў. Гэта гаворыць, што ўсё болей людзей пазбаўляецца ад прыніжальнага страху”.

Кіраўнік штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін паведаміў, што вынікі выбараў будуць абскарджаны. Спасылаючыся на вынікі сацыялягічнага апытаньня расейскага цэнтру “Левада”, спадар Калякін заявіў, што рэальна А.Лукашэнка атрымаў ня больш за 47 адсоткаў галасоў.
XS
SM
MD
LG