Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі – пра вынікі выбараў


Радыё Свабода Паводле Цэнтравыбаркаму, удзел у выбарах прынялі 92,6% грамадзянаў краіны, надзеленых правам галасаваць. 82,6% зь іх аддалі свой голас за дзейнага кіраўніка краіны, 6% — за Аляксандра Мілінкевіча. За Аляксандра Казуліна й Сяргея Гайдукевіча — 2,3% і 3,5%, адпаведна. Чым вы можаце патлумачыць вынікі выбараў? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “Мне здаецца, што яны ня вельмі праўдзівыя. Да прыкладу, я ня ведаю ніводнага чалавека, які сапраўды прагаласаваў бы за Лукашэнку. Вось так”.

(Спадар: ) “Я не магу нічым патлумачыць гэтыя лічбы. Бо як размаўляеш зь людзьмі старэйшага веку, то яны сапраўды лічаць: Лукашэнка — той чалавек, які нам патрэбен. А калі размаўляеш з моладзьдзю, то іхныя думкі іншыя. Адкуль такія лічбы — я ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Відаць, усё гэта было сказана яшчэ на рэфэрэндуме: дапусьцілі яго яшчэ раз удзельнічаць у гэтых выбарах — і ўсё. А чакаць іншых вынікаў, я думаю, і ня варта было”.

(Юнак: ) “Ня вельмі верыцца ў праўдзівасьць гэтых лічбаў. Бо, да прыкладу, я зь сельскай мясцовасьці, і там за Лукашэнку галасавалі. А вось у горадзе незадаволеных шмат. Да прыкладу, учора з нашага інтэрнату вельмі шмат народу пайшло на мітынг супраць яго”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што 82% за яго прагаласавалі ці нават больш. Ну, дык добра. Значыць, народ разумее, што гэта — лепшае, гэта той чалавек, які знаходзіцца на сваім месцы”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым вы можаце патлумачыць такія вынікі выбараў?”

(Спадар: ) “Беларусы папросту памыліліся ў сваім выбары”.

(Спадарыня: ) “Да прыкладу, я вельмі задаволена. Мы самі з вайсковага гарадку, і ў сераду ўсе разам, зь дзецьмі, пайшлі й прагаласавалі. Я сто працэнтаў за Лукашэнку”.

(Юнак: ) “Я чуў, што за Мілінкевіча некалькі адсоткаў. Думаю, што вынік быў прадказальны. Людзей запалохалі, яны баяліся выйсьці на плошчу. Аднак я думаю, што апазыцыя пры гэтым пазбавілася шмат якіх памылак”.

(Юначка: ) “Я ў гэта ня веру. Бо, да прыкладу, глядзіце: учора тут гэтулькі людзей сабралася. Я думаю, што гэтыя людзі дакладна галасавалі супраць яго. І нават калі прыкладна падлічыць іх, то гэта будзе вельмі шмат. Ну, я ня веру! У мяне, да прыкладу, практычна ўсе знаёмыя альбо супраць усіх, альбо за іншых кандыдатаў, а не за Лукашэнку. Ня праўда гэта ўсё”.

(Юнак: ) “Нічога дзіўнага для нашай краіны мы ня ўбачылі: нас чарговы раз падманулі. Але, дзякуй Богу, народ учора паказаў, што нас шмат і мы супраць падману”.

(Юначка: ) “Насамрэч гэта былі вынікі, якіх хацела ўлада. Я ня думаю, што яны былі сапраўдныя. Хутчэй за ўсё, яны падтасаваны. Але нас шмат, і мы пераможам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG