Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Гайдукевіч: "Праз сто тон" у мяне ўжо будзе якраз 52%"


Радыё Свабода, Менск Паводле вынікаў галасаваньня на ўчарашніх выбарах, кандыдат на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч фінішаваў трэцім. Як ацэньвае вынікі выбараў былы кандыдат і якой бачыць сваю далейшую палітычную кар’еру?

Пяць гадоў таму Сяргей Гайдукевіч набраў 2,5% галасоў выбарцаў і фінішаваў апошнім сярод трох кандыдатаў на прэзыдэнта. Сёлета — адзначае палітык — у яго відочны прагрэс: 3,5%.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Гайдукевіч, Вы — “вэтэран” прэзыдэнцкіх кампаній. Ці плянуеце браць удзел у наступных выбарах прэзыдэнта?”

(Гайдукевіч: ) “Ня тое што пляную, а ў гэтым годзе ўжо буду вылучацца. Усё ідзе паводле пляну. А плян выдатны, цудоўны. Што прэзыдэнт сказаў? Пакуль 100 тон золата ў сховішчы ня будзе, да той пары ён застанецца прэзыдэнтам. Я падлічыў, што да гэтага часу ў мяне будзе якраз 52%. Таму ўсё нармальна. Вы паглядзіце, які ў мяне рост! У 2001 годзе — 2,5%, цяпер —– 3,5%. Усё цудоўна! Толькі радавацца застаецца!”

(Карэспандэнт: ) “Сяргей Васільевіч, як, на Вашае меркаваньне, Лібэральна-дэмакратычная партыя паставіцца да вынікаў Вашага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Гайдукевіч: ) “Партыя вельмі задаволена. Партыя ўсё разумее: задаволеная, пляскае ў далоні. Хутка будзе зьезд, і мяне абяруць кандыдатам на прэзыдэнта ўжо цяпер. Каб загадзя было зразумела. Што Вы хвалюецеся? Партыі іншыя няхай думаюць, хвалююцца. Іншых няхай усё гэта турбуе! А мне з чаго хвалявацца? Я гэтыя выбары прадказаў яшчэ год таму”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, пытаньне аб Вашай адстаўцы як лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі ня можа разглядацца нават тэарытычна?”

(Гайдукевіч: ) “Што? Гэта ў вас, гэта толькі ў трызьненьні на Радыё Свабода можа ўзьнікнуць думка пра нейкую адстаўку. Гэта ўсе астатнія павінны адстаўкі браць… Абяцалі, ані… не зрабілі. А мяне, наадварот, — на руках будуць насіць на зьезьдзе! На руках!”

(Карэспандэнт: ) “І на калі ў Вас заплянаваны зьезд?”

(Гайдукевіч: ) “Ужо бліжэй да лета адбудзецца.У адпаведнасьці з законам “Аб палітычных партыях”, мы мусім унесьці зьмены ў статут... А цяпер у мяне радасны настрой: мы наперад ідзём. Зараз на прэсавую канфэрэнцыю пайду. Што Вы хвалюецеся? Няўжо Вы не разумееце, у якой краіне жывяцё, ёлкі-палкі? Калі там да Вас ужо гэта дойдзе? Бо ў гэтай краіне ўсё будзе так, як я кажу. І па-іншаму ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Калі 100 тон назьбіраецца — можа, штосьці й зьменіцца?”

(Гайдукевіч: ) “А “праз сто тон” у мяне ўжо будзе якраз 52%. Сам палічы па гадох — усё будзе, як трэба, крывая ідзе ўверх, разумееш? Кожную пяцігодку ўверх дадавай і дадавай. Што ты хвалюесься?”
XS
SM
MD
LG