Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі іх тыкаеш у гэты закон і пастанову ЦВК, усё адно адмаўляюцца"


Радыё Свабода Агляд незалежнага беларускага друку – 20 сакавіка.

Газэта “Ганцавіцкі час” паведамляе пра тое, як адбывалася датэрміновае галасаваньне ў рэгіёне. Кіраўнікі шмат якіх прадпрыемстваў і арганізацыяў прымушалі сваіх падначаленых галасаваць датэрмінова. Прэса мела складанасьці з атрыманьнем інфармацыі пра хаду выбараў, што супярэчыць беларускаму выбарчаму заканадаўству, цьвердзіць журналіст “Ганцавіцкага часу” Пятро Гузаеўскі.

(Гузаеўскі: ) “Артыкул 13-ы дае права сродкам масавай інфармацыі таксама прысутнічаць на гэтых участках. Канечне ж, мяне ніхто адтуль не выганяў, але калі я запытаўся, а як ідуць выбары ў такой і такой вёсцы, выйшла, што нічога яны ня скажуць. Патрабуюць нейкія незразумелыя дакумэнты рэдакцыйных нейкіх заданьняў. Калі іх тыкаеш у гэты закон, у 13-ы артыкул і пастанову Цэнтарвыбаркаму, якая тлумачыць гэтую частку трэцюю, што павінен паказаць журналіст, яны ўсё адно адмаўляюцца”.

“Брестская газета” цытуе дэпутата расейскай Думы Аляксея Мітрафанава, які на сваёй нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі разважаў пра магчымасьць “каляровай” рэвалюцыі ў Беларусі. Са словаў расейскага парлямэнтара, Беларусь магла б абараніцца ад такіх рэвалюцыяў, калі б увайшла у склад Расеі. Гэта, на думку спадара Мітрафанава, будзе аптымальны варыянт: Лукашэнка робіцца віцэ-прэзыдэнтам, знаходзіцца месца й для іншых беларускіх кіраўнікоў.

Газэта “Белорусы и рынок” піша пра тое, што ў Беларусі крыху зьнізіліся золатавалютныя запасы. Сытуацыя ў нацыянальнай грашовай сыстэме не дае падставаў для аптымізму, цьвердзіць аўтар выданьня, эканаміст Валеры Дашкевіч. Хоць унутраны грашовы рынак у лютым быў збольшага ў спакойным стане, аднак ён пачаў ужо дэманстраваць некаторыя нехарактэрныя для апошніх год рысы. Так, напрыклад, на бягучых рахунках прадпрыемстваў стала меней грошай – яны вымушаныя былі выконваць паказьнік па сярэднім заробку ў 250 даляраў. А насельніцтва стала болей набываць валюты і каштоўных мэталяў.

“Белгазета” апавядае пра кіеўскую сурдаперакладчыцу Натальлю Дмытрук, “героя Эўропы”, ляўрэата прэміі Джона Обюшана, кавалера ордэна “За мужнасьць” 3-яй ступені. Героем Эўропы спадарыня Дмытрук стала пасьля таго, як у часе абвяшчэньня вынікаў выбараў 2004 года ўва Ўкраіне яна мовай глухіх самавольна паведаміла пра перамогу Віктара Юшчанкі ды перастала перакладаць тэкст, які ёй падаў рэдактар Першага нацыянальнага каналу Ўкраіны. Яна сказала, што не магла болей трываць хлусьню, якую ёй даводзілася перадаваць на ўсю краіну.
XS
SM
MD
LG