Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: “Заклікаць на плошчу – апошняя ступень маральнага падзеньня”


Радыё Свабода, Менск Адбылася прэсавая канфэрэнцыя старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Спадарыня Ярмошына паведаміла, што вынікі галасаваньня засталіся тыя ж самыя, якія былі абвешчаны сёньня ўначы. Кіраўнік Цэнтравыбаркаму таксама заявіла: ніводнай скаргі ў Цэнтравыбаркам пакуль не паступала.

Паводле Л.Ярмошынай, Аляксандар Лукашэнка абраны прэзыдэнтам Беларусі на трэці тэрмін запар. За яго, паводле зьвестак ЦВК, прагаласавалі 82,6% з тых 92,6% выбарнікаў, якія скарысталіся сваім правам прагаласаваць. На другім месцы Аляксандар Мілінкевіч – 6,0%, трэцім – Сяргей Гайдукевіч – 3,5%. Замкнуў сьпіс Аляксандар Казулін – 2,3%.

Л.Ярмошына таксама заявіла, што на ўчастках за мяжой за А.Лукашэнку прагаласавала больш за 81% выбарцаў.

Што тычыцца параўнаньня з выбарамі, якія адбываліся ў 2001 годзе, дык, паводле спадарыні Ярмошынай, за Аляксандра Лукашэнку гэтым разам прагаласавала на 800 тысяч выбарцаў больш.

Журналісты запыталіся ў Лідзіі Ярмошынай, як яна адносіцца да ўчорашняга закліку апазыцыйных кандыдатаў Мілінкевіча й Казуліна прыйсьці пасьля галасаваньня на Кастрычніцкую плошчу. Старшыня ЦВК нагадала: у 2001 годзе прэзыдэнцкія выбары праходзілі таксама ў складанай абстаноўцы, але тады такіх заклікаў ніхто не рабіў, і яна лічыць, што “заклікаць людзей у такі час і ў такое надвор’е ёсьць нічым іншым, як апошняю ступеняю маральнага падзеньня”.
XS
SM
MD
LG