Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Водгукі слухачоў на падзеі 19 сакавіка і вынікі выбараў


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за 20 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

Спадар: ) "Мой бацька загінуў ад рук фашыстаў, у барацьбе з фашызмам, у 1942 годзе. Сягоньня мне навязваюць нейкага іншага бацьку, ад якога акрамя хамства і брыдоты я больш нічога ня чуў".

(Спадар: ) "Я званю зь Нью-Ёрку. З аднога боку, вельмі прыемна, што людзі ў такой колькасьці выйшлі на плошчу, але з другога – некаторае расчараваньне дзеяньнямі лідэраў апазыцыі, якія з майго гледзішча не выкарыстоўваюць такі рэсурс падтрымкі народа, ня ведаюць, што зь ім рабіць, ніякіх канкрэтных дзеяньняў няма, яны ў разгубленасьці распусьцілі мітынг, і заўтра наўрад ці прыйдзе такая колькасьць людзей зноўку. Неяк складваецца ўражаньне, што ў чарговы раз апазыцыя ўпускае магчымасьць рэальна супрацьстаяць уладзе".

(Спадар: ) "Я проста захапляюся мужнасьцю тых хлопцаў і дзяўчат, якія выйшлі на пошчу. Яны ішлі ў невядомасьць. Я цэлы дзень глядзеў польскую тэлевізію і слухаў вас, быў камэнтар па польскім тэлебачаньні: калі нават 100-200 чалавек прыйдуць, гэта героі. Я проста ўражаны".

(Спадар: ) "Я лічу, што Лукашэнку і многіх ягоных прадстаўнікоў варта тэрмінова пасадзіць у турму. Яму ня месца ў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, а ў камэры міжнароднага трыбунала. У той камэры, дзе сядзеў сэрбскі дыктатар Мілошавіч за зьдзейсьненыя ім злачынствы над народамі Югаславіі".

(Дзяўчына: ) "Добры дзень, Радыё Свабода. Тэлефаную са Злучаных Штатаў Амэрыкі, са штату Мінэсота. Хацела б сказаць, што ўсе нашы сябры, усе беларусы – з вамі, і мы вельмі ўдзячны ўсім, хто прыйшоў учора на плошчу, і спадзяемся, што свабода будзе зь Беларусьсю. Усе нашы сябры-беларусы ў Амэрыцы – са свабодную Беларусь".

(Спадар: ) "Зараз слухаў частушкі – цудоўныя. Агромністая просьба: калі ласка, каб як мага больш людзей у Беларусі пачулі гэтыя частушкі. Гэта супэр. Калі людзі пачуюць гэтыя частушкі, вы ўяўляеце, гэта будзе бомба".

(Спадар: ) "Штосьці мы Ярмошынай не дачакаемся. Відаць, пры падліку яе сканфузіла, і яны ня ведае, зь якім выглядам зьявіцца перад журналістамі. Дзякуй".

(Спадар: ) "Гэта з Наваполацка. Падлік галасоў скончаны. На другім месцы Мілінкевіч. Аб працэнтах, атрыманых праз замену бюлетэняў і фальсыфікаваныя пратаколы, няма сэнсу гаварыць. На трэцім месцы Казулін, потым – Гайдукевіч".

(Спадарыня: ) "Я галасавала за Мілінкевіча. Жыву ў Менскім раёне. Я радая за беларусаў, якія пераадолелі страх і выйшлі на плошчу. Памагай ім Бог. Вось толькі што Ярмошына аб''явіла аб выніках выбараў. Перамог Лукашэнка. Ды ўсё гэта мана, якая зараней была вядомая. Мне прагаварылася адна з аднаго з выбарчых участкаў г.Менску, што бюлетэні на ўчастку ніхто не лічыў, а пратакол перапісвалі тры разы, для кагосьці. Яшчэ ў мяне пытаньне: ці можна недзе набыць прыпеўкі, якія я сёньня чула па Радыё Свабода? Надта ж яны сёньня актуальныя. З павагай, Кашалькова Марыя, пасёлак Аксакаўшчына".

(Спадарыня: ) "Ярмошына і Лукашэнка, вы ў чарговы раз бессаромна падманулі свой народ. Ці не баіцеся вы божай кары? Як можна спакойна жыць і без згрызотаў сумленьня глядзець у вочы беларускім людзям, людзям усяго сьвету, якія ведаюць пра вашыя махлярствы? Бог вам судзьдзя".

(Спадар: ) "Ну вось, адбыліся выбары. Як і чакалі, і як і павіна было быць, перамог Лукашэнка. Ізноў паўтараю, чаму. Таму што гэтыя ўсялякія знойдзеныя на сьметніцы апазыцыянэры, якія імкнуліся ў прэзыдэнты абмытыя, абласканыя Амэрыкай, Захадам - беларускі народ гэтага не прыймае. Вось ніяк вы гэтага зразумець ня можаце. Хоць лопні, вам гэта кажы, нічога ня можаце зразумець".

(Спадарыня: ) "Лукашэнка ўвогуле права ня мае балятавацца на гэтых выбарах. Міжнародная супольнасьць не прызнала вынікі рэфэрэндуму, і таму як бы там ні было, Мілінкевіч перамог, і ён павінен стаць прэзыдэнтам, а Лукашэнка тут недарэчы".

(Спадар: ) "Добрай раніцы. Гэта Ўладзімер Навагрудзкі. Праўда, я задаволены, але не адчуваецца пляну. Баюся, каб адзін бок ня стаў падобны да моські, а "бацькаў" – да слана, у поўнай адпаведнасьці зь ягонай калгаснай прызмай, скрозь якую ён усё і ўспрымае. Але і тут: ня варта блытаць гэтага слана з караванам апазыцыйных вярблюдаў. У гэтых ёсьць мэта – прыйсьці да сапраўднага аазісу, а наш слон толькі прыдумляе яго й топчацца на месцы".

(Спадар: ) "Паважаная радыёстанцыя Свабода. Я Хладовец Станіслаў, жыхар горада Івацэвічы. Зьвяртаюся да нашых сілавікоў: спыніце фабрыкацыю крымінальных і адміністратыўных спраў па палітычных матывах! Бо на сёньняшні дзень за кратамі знаходзяцца сотні людзей. Пракуратура павінна неадкладна вынесьці пратэст па раней сфабрыкаваных справах, па апошніх затрыманьнях. Без усялякіх папярэдніх умоваў людзі павінны быць на свабодзе. Жыве Беларусь".

(Спадар: ) "Добры дзень. Як кажуць у Канадзе, Лукашэнка – чалавек з "big problem", вялікімі праблемамі. Яго ня любяць ува ўсім сьвеце. Але апазыцыя на сёньняшні дзень, ці дакладней ноч, упусьціла шанец утрымаць людзей на плошчы. Чаму? Таму што за гэтую ноч частка іх захварэе, многія ня выйдуць. Вельмі дарма, трэба было рабіць прынамсі часткова па ўкраінскім сцэнары – прынамсі, папаіць гарбатай, апрануць цёплыя рэчы. Таму што на сёньняшні дзень у 18.30 зьбярэцца меней народу".

(Спадар, Менск: ) “Вельмі складана гэта назваць увогуле выбарамі. Наколькі мне вядома, парушэньняў было настолькі шмат, што выбарамі гэта я назваць не магу”.

(Спадар: ) “Я быў назіральнікам на выбарчым участку г. Менску, і мяне старшыня выбарчай камісіі выдаліў, калі я патрабаваў лічыць галасы выбарцаў адкрыта. Думаю, што ўсе старшыні выбарчых участковых камісіяў зьяўляюцца сакрэтнымі супрацоўнікамі, сексотамі, бо яны нахабна скралі вашыя галасы, галасы выбарцаў. Гэта патрабуе пакараньня па 192 артыкулу Крымінальнага кодэксу”.

(Спадар: ) “Лукашэнка набраў 82%, як ён сказаў. Па-першае, гэта поўная хлусьня. Па другое, нават калі б ён набраў 99%, яго удзел у гэтых выбарах зьяўляецца нелегітымным. Мілінкевіч – наш выбраны прэзыдэнт! Ён зьяўляецца прэзыдэнтам. Гэта трэба было абвясьціць на плошчы, бо ён займае 2-е месца, а Лукашэнка ня мае права балятавацца. Нельга было сыходзіць з плошчы, трэба было пакінуць добраахвотнікаў на гэтай плошчы жыць у палатках. Я б асабіста застаўся на гэтай плошчы, быў гатовы загінуць на гэтай плошчы. А сёньня ў 18:30 мы туды прыйдзем, людзей будзе менш, і ўжо нічога не атрымаецца. Зноў усё кончыцца пшыкам, як звычайна канчаецца”.

(Спадар: ) “Я хачу зьвярнуць увагу слухачоў, што на плошчы, нягледзячы ні на што, не было ніводнага прадстаўніка ад дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Гэтым яны яшчэ раз паказалі сваю сутнасьць”.

(Спадар: ) “Лічу, што гэтыя выбары былі несправядлівыя”.

(Спадарыня:) “Я вам казала, што ў Беларусі больш разумных людзей і што за гэтай тухлай апазыцыяй ня пойдуць. І хопіць вам вычварацца, хопіць хлусіць! Супакойцеся!”

(Спадар: ) “Калі б у Мілінкевіча і Казуліна быў гонар, яны б прызналі сваё паражэньне. А інакш і не магло быць, бо народ верыць свайму прэзыдэнту і цалкам на яго баку”.

(Спадарыня: ) “Учора я і мае сябры патэлефанавалі на тэлевізію, выказаць сваю нязгоду з тым, што выбары былі адкрытыя, роўныя для ўсіх кандыдатаў. Але лічбы ў той калёнцы, дзе трэба было гэта адзначыць, не зьмяняліся некалькі хвілін. Затое ў другой калёнцы, што выбары былі нармальныя мяняліся кожную сэкунду. Лічу, што гэта хлусьня”.

(Алесь: ) “Учора ўвечары зьвярнуў увагу на тое, што ў бюлетэнях няма подпісаў чальцоў выбарчых камісіяў, нават па тэлевізіі, калі паказвалі выбары Лукашэнкі, на ягоным аркушы няма подпісаў. Якія ж бюлетэні лічылі, я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Вось прыклад, як фальсыфікуюць выбары. Перамог Буш. Яго брат, які зьяўляецца губэрнатарам, пералічваў галасы. І аж на 537 галасоў Буш выйшаў наперад! Вось фальсыфікацыя! А тут народ паверыў. І наступныя выбары, калі ён пойдзе, то будзе ў яго ўжо за 90!”

(Спадар: ) “Паглядзеў я на нашу бяздарную апазыцыю. Яны хацелі выйграць выбары. Яны сцэнар і той узялі Ўкраіны, не ўлічваючы рэаліі пры такой розьніцы працэнтаў. Яны патрабуюць пераліку ці перавыбараў. Дык там розьніца невялікая была, таму і прайшоў гэты нумар. Ды і лёзунгі не да месца: “Мы перамаглі! Вы свабодны!” Людзі паслухалі і разышліся з плошчы, раз яны свабодны. Самі сабе ўнушылі, што яны перамаглі – і давольныя. Яшчэ абураюцца, што апазыцыю пасадзілі. За такую працу, за растрату такіх шалёных грошаў Эўрасаюз іх павінен усіх пасадзіць”.

(Спадар: ) “З узброеным рэжымам, які разарваў прыстойнасьць, справядлівасьць і законнасьць, весьці цывілізаваныя выбары – марная праца. Іх вынік прадбачыў акадэмік Аляксандар Вайтовіч, ён меў рацыю на 1000 адсоткаў”.

(Спадар:) “Вялікі вам дзякуй, Радыё Свабода! Вы адзіны праменьчык сонца ў гэтым няшчасным беларускім сьвеце. Посьпехаў вам!”

(Спадар:) “Адзіны спосаб даведацца, хто прагаласаваў за Мілінкевіча, а хто за Лукашэнку – гэта правесьці адкрытае галасаваньне, апытаць кожнага грамадзяніна, хто за каго прагаласаваў”.

(Спадар, Віцебская вобласьць:) “Я выбарца з участку №2. Я ўражаны, ня толькі я, але ўсе мае суседзі і калегі па працы: усе галасавалі за Мілінкевіча, а ў выніку атрымалася, што ўсе за адзінага, усенароднага, самаабранага Лукашэнку. Гэта фарс! Як члены з выбарчых камісіяў могуць глядзець цяпер людзям у вочы, бо яны агучылі, замоўленыя ім лічбы! Вось толькі засталося нашаму непаважанаму Гайдукевічу павіншаваць Лукашэнку зь нелегітымнай элегантнай перамогай. Жыве Беларусь!”

(Анастас Семяновіч: ) “Вынік выбараў быў даўно вядомы. Тое, што нашыя дарагія і любімыя хлопцы, Алесь Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, пабудзілі наш народ – гэта вельмі вялікая перамога. Зараз вам трэба працягнуць сваю працу. Праўда, лукашысты будуць рабіць усё, каб вас ізаляваць, але, я думаю, што Эўропа і Амэрыка не дазволяць гэтага. Празь некалькі дзён будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі, праўда, расейскія бальшавікі будуць рабіць усё, каб іх не было, будуць абяцаць, што яны будуць купляць нашую прадукцыю яшчэ больш. Наступіў час – трэба стварыць урад, які будзе вырашаць усе пытаньні. На ўчорашнім мітынгу нас было ня менш за 50 тысяч чалавек, а ня 30, як паведамілі”.

(Спадар, Мар’іна Горка:) “Выбары ў нас праводзяць мясцовыя органы ўлады, органы кіраваньня, то бок, яны праводзяцца райвыканкамам, яны галасуюць так, як яны хочуць”.

(Спадар: ) “Калі сыходзіць зь лічбаў Цэнтравыбаркаму, то колькасьць тых, хто прагаласаваў за Мілінкевіча, складае каля 180 тысяч чалавек. Па заяве Ярмошынай было апрацавана спачатку 15, потым 20 працэнтаў выбарчых бюлетэняў. Гэта хлусьня, бо бюлетэні, як правіла, падлічваюцца праз 1,5-2 гадзіны на выбарчых участках і зьвесткі перадаюцца ў Цэнтрвыбаркам. Чаму лукашысцкія халуі баяцца празрыстых урнаў і незалежных назіральнікаў за працэсам галасаваньня і падлікам галасоў? Кучка людзей бяз гонару і сумленьня за грошы, адабраныя ў беларускага народу, пачварай, які называе сябе “бацька”, робяць сапраўдны генацыд беларускага народу. Самадур Паўлючэнка зьяўляецца пагрозай для ўсяго цывілізаванага сьвету. Яго навука фальсыфікацыі выбараў, як небясьпечная інфэкцыя, ідзе па тым краінам, дзе няма дэмакратыі”.

(Спадарыня: ) “Хачу нагадаць Лукашэнку аб яго першых выбарах. Яму ніхто не перашкаджаў, ніхто не забіваў, як ён забівае людзей. Не было тады кішэннага парлямэнту. Пытаньне пра сьцяг як было пастаўлена? Стары ці новы? Які стары, які новы?

Мілінкевіч робіць прамашку – чаму? Таму што ён мяркуе ўступіць у Эўрасаюз. Гляньце, што робіцца ў Эўрасаюзе, што робіцца ва Францыі, у той самай Нямеччыне, Польшчы!

Я галасавала супраць усіх! Дзе пункт супраць усіх? Хто адказаў, колькі па гэтаму пункту прагаласавала?

Захапляюся Мілінкевічам, яго камандай! Захаплюся тымі людзьмі, якія выйшлі на плошчу! Хаця я нязгодная ні з Лукашэнкам, ні з усімі астатнімі! Я думаю, што галасавалі б шмат хто за Мілінкевіча, але адпугнуў менавіта пункт пра Эўрасаюз”.

(Спадар: ) “Па дадзеных карэспандэнта ВВС, на плошчы сабралася 5-7 тысяч. А вы кажаце дзясяткі тысяч! Хто з вас хлусіць?”

(Спадар: ) “Скончыліся чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Чарговае паражэньне пацярпела апазыцыя, чарговую перамогу атрымаў Лукашэнка. Адкінем усе гэтыя лічбы, 82%, 6%, але ж 50% і адзін голас Лукашэнка набраў адназначна. Чаму так атрымалася і чаму далей так будзе атрымоўвацца? Да таго часу пакуль нашая апазыцыя будзе схіляцца перад Захадам, да таго часу пакуль будуць прымаць заходнеэўрапейскія падачкі, чым больш будзе Захад выказвацца ў падтрымку беларускай апазыцыі, тым больш беларусы будуць у пратэст галасаваць за Лукашэнку ці за каго-небудзь іншага!”

(Спадар: ) “Скончыліся галасаваньне і выбары. Мы галасуем, а Лукашэнка выбірае. Гэтага і трэба было чакаць. Нават Ганчарык, Пазьняк, Шушкевіч набіралі 15-20 адсоткаў галасоў. А цяпер усе галасуюць за Лукашэнку. Гэта абсурд! Няўжо людзям падабаецца гэтая кантрактная сыстэма, гэтае рабства, разьмеркаваньне студэнтаў у чарнобыльскую зону? Як кажуць: фабрыкуй, фальсыфікуй, але сумленьне май! Яны ўжо ня маюць ні сумленьня, ніякага здаровага сэнсу!”

(Спадар: ) “Нам патрэбная не рэвалюцыя разуменьня, як сказаў Казулін, а нам патрэбная рэвалюцыя рэальнасьці! Як яны гэта ня могуць зразумець? У разуменьні ня трэба, каб праходзіла нейкая рэвалюцыя. Мы даўно, з 1994-га году, галасуем за апазыцыю. І што толку?”

(Спадар: ) “Чаму вы абражаеце дзясяткі тысяч членаў выбарчых камісіяў, паведамляючы, што быццам бы падлікі няверныя і быццам бы Мілінкевіч мае іншую лічбу. Былі назіральнікі – вы іх абражаеце! Як так можна рабіць?”

(Канановіч, Менск: ) “Вось мы і атрымалі вынікі галасаваньня, якія былі вядомыя спачатку выбарчай кампаніі. Колькі ж можна памыляцца адным і тым жа спосабам? Заклікалі на незаконны рэфэрэндум, і тых, хто лічыў “супраць” залічылі ў падтрымку рэфэрэндуму. Радыё Свабода ўвесь час працавала на сцэнар Мілінкевіча і Казуліна, а пра народнае галасаваньне замоўчвала. З самага пачатку выбарчай кампаніі кіраўніцтва БНФ зьвярталася да штабоў спадара Мілінкевіча і Казуліна, каб разам праводзіць варыянт народнага галасаваньня, але яны адмовіліся ў ёй удзельнічаць. А калі б яны прызвалі сваіх прыхільнікаў прагаласаваць сваім бюлетэням ці зусім нічога не апускаць у скрыню, а забраць свой бюлетэнь, то на плошчу выйшла ня 7-10 тысяч, а ў дзясяткі разоў больш! Бо людзі б хацелі аддаць бюлетэні тым, за каго галасавалі. І тыя ж, Мілінкевіч і Казулін, мелі б на руках доказ, колькі за іх прагаласавала. Канечне, ня ўсе б прыйшлі – трэба было б яшчэ папрацаваць, але яны не пайшлі на гэта. А заявы Мілінкевіча і Казуліна аб пераліку галасоў, пра перавыбары ніхто не пачуе і не зрэагуе. Зноў народ падмануты з усіх бакоў. А шкада, народ так верыў прадстаўнікам апазыцыі”.

(Спадар, Салігорск:) “Размаўляў са знаёмым міліцыянтам, які казаў, што агітавалі галасаваць за Лукашэнку, але людзі галасавалі супраць усіх, баяліся за Мілінкевіча”.

(Спадар: ) “Трэба мяняць Выбарчы кодэкс па падліку галасоў. Павінны прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх прэтэндэнтаў у прэзыдэнты. Яны павінны мець права праверкі бюлетэняў, падлік якіх вёў прадстаўнік другой групоўкі. Выбары павінны праходзіць толькі адзін дзень і толькі на выбарчых участках! Скрыні не павінны пакідаць выбарчы ўчастак. Гэта ня дасьць хоць які-небудзь сумнеў у падліку галасоў, а 1-2 адсоткі галасоў інвалідаў ня змогуць зрабіць уплыў на ўсе выбары. А так 40 адсоткаў прагаласавала папярэдне, за 7 дзён! А ўсіх вінаватых на гэтых выбарах вырашыць суд гісторыі і міжнародны суд у Гаазе, як над Мілошавічам!”

(Спадар: ) “Па тварах на Бангалор і на Кастрычніцкай магу канстатаваць: рэвалюцыя ў Беларусі сапраўды адбылася. Што далей? Не здавацца! І згодны з Пазьняком, ён таксама паверыў у нашу перамогу, што трэба ствараць ценявы кабінэт, ценявую мытню, а потым паглядзім, хто каго”.

(Спадар: ) "Пасьля гэтых несумленных выбараў, я ўпэўніўся, што ўлада гэтая што хоча, тое і робіць. Дзе гэтыя “тры міністры”, якія ўпэўнівалі, што ў краіне рыхтуецца тэракт, ваенны пераварот? Ці гэта не падман народу? Гэтыя міністры не ахоўваюць народ, а ахоўваюць рэжым Лукашэнкі!

Усё роўна мы будзем жыць так, як Эўропа жыве! Праўда пераможа хлусьню, якую нам навязваюць!"

(Спадар, Пухавіцкі раён: ) “Уразілі вынікі. Вынікі галасаваньня, як вядома, куюць у раённых органах кіраваньня. Уся бяда ў тым, што падлік галасоў адбываецца бескантрольна. Цяперашнія выбары, як і рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі – гэта паўнейшая фальсыфікацыя. І гэта відавочна. Адсутнасьць зацікаўленых асобаў ад кандыдатаў прывяла да такіх вынікаў”.
XS
SM
MD
LG