Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гавораць замежныя назіральнікі пра беларускія выбары?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня місія назіральнікаў Бюро правоў чалавека АБСЭ абвесьціць вынікі сваёй працы на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. А напярэдадні карэспандэнт Радыё Свабоды запісаў першыя камэнтары назіральнікаў да гэтай падзеі.

Да паведамленьняў місіі Бюро правоў чалавека АБСЭ рыхтуецца й старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Напярэдадні яна ўжо выказала свае адносіны да магчымых абвінавачваньняў ад эўрапейскіх назіральнікаў, місію якіх узначальвае Герд Арэнс.

(Ярмошына: ) “Высьвятляецца, што ўсё ня проста дрэнна, а вельмі дрэнна. Так заявіў пан Арэнс на сустрэчы са мною. Высновы будуць ня проста дрэнныя, а вельмі дрэнныя. Таму цяпер я маральна да гэтага гатовая”.

У сэнатара верхняй палаты расейскага парлямэнту Васіля Думы таксама ёсьць прэтэнзіі паводле вынікаў назіраньня.

(Дума: ) “Я сэнатар Расейскай Фэдэрацыі, а прадстаўляю інтарэсы Кастрамской вобласьці. Мы наведалі выбарчыя ўчасткі ў Першамайскім раёне Менску. І нам казалі, што ва ўсім сьвеце ёсьць датэрміновае галасаваньне, хаця не такое, як у Менску. Калі б датэрміновыя выбары працягваліся месяц, то прагаласавалі б яшчэ больш”.

Сказаў назіральнік з Расеі Васіль Дума. А вось што кажа грамадзянін Італіі Антоніс Лако.

(Лако: ) “Канечне, дрэнна, што кандыдаты ад апазыцыі не маглі карыстацца тэлебачаньнем, каб тлумачыць свае праграмы народу. Дэмакратыя – гэта ня толькі калі дзень выбараў і ўсё адбываецца нармалёва. Калі няма дэмакратыі на тэлевізіі, то яе няма і ў грамадзтве”.

Наступны суразмоўца – наглядальнік на прэзыдэнцкіх выбарах ад Грузіі Вахтанг Заўрашвілі.

(Заўрашвілі: ) “Адпрацаваўшы ў свой час камсамольскім й партыйным функцыянэрам, я “завязаў” з гэтай справай. У мяне чацьвёра дзяцей, мне трэба сям’ю ўтрымліваць. Напэўна, і тут будуць нейкія карэктывы. Відавочна, каб утрымаць сытуацыю, мясцовае кіраўніцтва вырашыла, што гэта будзе лепш, чым шокавая тэрапія”.

Сказаў наглядальнік на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі Вахтанг Заўрашвілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG