Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данута Бічэль: Саша Мілінкевіч – надзея


Радыё Свабода Горадня — родны горад Аляксандра Мілінкевіча, дзе ён быў намесьнікам старшыні гарвыканкаму, выкладаў ва унівэрсытэце фізыку. Напярэдадні дня галасаваньня наш карэспандэнт апытваў гарадзенцаў, і вялікая частка гаварыла, што хоча галасаваць за Мілінкевіча, бо яны жадаюць зьменаў у краіне, бо ім надакучыла палітыка Лукашэнкі. Як адбылося галасаваньне ў родным горадзе Аляксандра Мілінкевіча?

Я нагадаю, што ў Горадні пасадзілі 14 актывістаў выбарчай кампаніі, назіральнікаў. Некалькі назіральнікаў, якія былі на ўчастках, таксама баяліся, што іх прынамсі выдаляць. Паводле вынікаў на некаторых участках можна падумаць, што лічбы былі зададзеныя: за Мілінкевіча 10-12 адсоткаў, за Лукашэнку — 70-80. Прычым, напрыклад, на некалькіх участках колькасьць галасоў за Мілінкевіча была прыблізна аднолькавай — 330-350. Аднак гэтыя лічбы назіральнікі схільны ацэньваць як адвольныя: як члены камісій лічылі бюлетэні, і якія былі ў бюлетэнях пазнакі — ніхто ня бачыў. На 95-м участку старшыня камісіі Уладзімір Дзямідаў не падпусьціў блізка нават назіральнікаў АБСЭ.

За выбарамі, за кампаніяй Аляксандра Мілінкевіча сачыла вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль, якая жыве ў Горадні. Па Радыё Свабода яна слухала — што адбывалася ў Менску на Кастрычніцкай плошчы.

(Бічэль:) “Апошнія паведамленьні мяне ашаламілі і я цешуся, што яны там адважыліся і сышліся на плошчы, і іх так шмат. Шкада, канешне, што нас там няма, няма ўжо сілаў ісьці на плошчу, хацелася б гэта ўсё ўбачыць. Хацелася б нейкіх зьменаў, хацелася б пажыць хоць крышку, хоць не з труны, не з таго сьвету, а краем вока ўбачыць Беларусь беларускую. Каб яна была без гэтых сьвістаплясак чортавых у Вялікі пост”.

Данута Бічэль мяркуе, што шумныя канцэрты і танцы за Лукашэнку былі зусім недарэчныя, бо цяпер Вялікі пост і ў праваслаўных, і ў каталікоў. Яна гаворыць пра Аляксандра Мілінкевіча:

(Бічэль:) “Саша Мілінкевіч якраз быў надзеяй на тое, што мы з гэтай хлусьні выйдзем, што мы замест культу д’ябла будзем спавядаць культ Бога Беларусі… Ён заўсёды спакойны, заўсёды стрыманы, інтэлігентны. Не іграе героя, а проста ёсьць сам сабой. І тое, што мы яго ведалі: гэта ж рэдка такое здараецца, што чалавек, каля якога жыў недалёка цэлы адрэзак жыцьця, раптам становіцца кандыдатам на прэзыдэнта Рэспублікі, -- ужо адно гэта, здаецца, павінна было б усіх людзей Гродна павярнуць да яго, праўда?”.

Данута Бічэль была на нядзельным набажэнстве і думала пра Аляксандра Мілінкевіча ды ягоных паплечнікаў.

(Бічэль:) “Я сёньня, молячыся за іх у касьцёле, успамінала, што ён праваслаўны, а ня раз наведваў беларускую імшу ў каталіцкай катэдры. І што ж, хацелася б, каб ён перамог, каб мы жылі ў такім краі не ізгоямі, а ў Беларусі беларускай. Але на ўсё воля Божая”.
XS
SM
MD
LG