Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Машэрава: гэта “парадныя” лічбы


Радыё Свабода Ці зьявіліся вынікі выбараў нечаканымі для беларускай грамадзкасьці? Як ацэньваюць вынікі выбараў людзі, якія самі ў розныя часы заяўлялі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі?

Меркаваньне экс-спікера Савету Рэспублікі, прафэсара Аляксандра Вайтовіча.

(Вайтовіч: ) “Гэта было цалкам прагназавана. Нічога іншага чакаць і не прыходзілася. І вынік не зьдзіўляе. Чаго ім саромецца? Яны што хочуць, тое і аб’яўляюць. Гэта ўлада што хоча, тое і робіць. Для яе правіл, законаў, Канстытуцыі няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Для вас ніякай нечаканасьці не было?”

(Вайтовіч: ) “Абсалютна ніякай. На мой погляд, будаваць усю выбарчую кампанію ўсёй апазыцыі трэба было па-іншаму. Але гэта мая думка, зь ёю не пагадзіліся другія. Але гэта іншая справа…”

Экс-міністар замежных справаў, былы пасол Беларусі ў Японіі Пятро Краўчанка вынікі выбараў камэнтаваць адмовіўся.

(Краўчанка: ) “Ніякіх пытаньняў, ніякіх адказаў. Прабачце, але я ніякіх камэнтараў рабіць ня буду”.

Гутару з экс-дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Натальляй Машэравай:

(Карэспандэнтка: ) “Ці было для вас гэта нечаканасьцю?”

(Машэрава: ) “Не, канечне. Не. Гэта “парадныя” лічбы. Я іх “фанэрай” называю”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы верыце ў сапраўднасьць гэтых лічбаў?”

(Машэрава: ) “Не, ня веру. І ніколі ня верыла. Ні ў адныя выбары”.

Экс-прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч, якога ў 1994-м годзе перамог Аляксандар Лукашэнка, іншага выніку цяперашніх выбараў і не чакаў:

(Кебіч: ) “Ха-ха-ха! А што, вы іншыя вынікі чакалі? Іншыя вынікі чакалі?” (гудок)

І ўсё ж, на думку Натальлі Машэравай, пазытыўныя зрухі ёсьць.

(Машэрава: ) “Сёньня апазыцыя на выбарах выглядала ўжо прафэсійна. Я паважаю Казуліна за мужнасьць, зь якой ён агучыў тое, што агучыў. Мілінкевіча – за тое, што за ім людзі ідуць. Але навукай паліттэхналёгіяў яшчэ не авалодаў ні адзін, ні другі. Гэта натуральна, бо для гэтага трэба прайсьці не адну школу выбарчых кампаній. Лідэра, які б перамог дзеючую ўладу, мы яшчэ не сфармавалі. Але гэта не выглядае так бездапаможна і безнадзейна, як мінулыя выбары. Не, не, не!”
XS
SM
MD
LG