Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна экзыт-полаў – як патлумачыць супярэчлівыя вынікі?


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле дадзеных афіцыйнага экзыт-полу, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала больш за 80 працэнтаў апытаных выбарцаў. Гэтыя лічбы, аднак, істотна адрозьніваюцца ад тых, якія прыводзяць прадстаўнікі апазыцыі, спасылаючыся на вынікі экзыт-полу расейскага сацыялягічнага цэнтру Юрыя Левады. Чым можна патлумачыць такія супярэчлівыя вынікі апытаньняў?

Афіцыйны дазвол на правядзеньне экзыт-полаў атрымалі толькі дзьве сацыялягічныя службы – “Мэдыяфакт -Эко” і Беларускі камітэт маладзёвых арганізацый. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Яна заўважыла, што да арганізацый, якія будуць праводзіць экзыт-полы без акрэдытацыі, могуць прымацца пэўныя меры як з боку выбаркамаў, так і міліцыі.

Вынікі афіцыйна дазволеных экзыт-полаў мала чым адрозьніваюцца ад вынікаў Цэнтарвыбаркаму. Паводле цэнтру EcooM і службы Камітэту моладзевых арганізацый, за Лукашэнку прагаласавала больш за 80 працэнтаў выбарцаў. Прафэсар Алег Манаеў цьвердзіць, што абодва згаданыя сацыялягічныя цэнтры знаходзяцца ў прамой залежнасьці да органаў улады.

(Манаеў: ) “Улада як раней, так і цяпер панічна баіцца сапраўдных, незалежных, прафэсійных апытаньняў грамадзкай думкі. І ўсё робіць для таго, каб выкарыстоўваць гэтыя, так званыя, незалежныя арганізацыі, каб пацьвердзіць тыя афіцыйныя вынікі, якія яны ўжо даўно гатовыя былі аб’явіць”.

Паказальна, што на гэты раз не атрымаў дазволу на правядзеньне экзыт-полу інстытут Гэлапа. А прадстаўнікі незалежнай дацкай службы маніторынгу SILBA, грамадзяне Даніі і Швэцыі, былі дэпартаваныя ўладамі зь Беларусі пасьля пачатку свайго экзыт-полу на выбарчых участках падчас датэрміновага галасаваньня. У гэтай сувязі сацыёляг Джакоб Кнудсэн зьдзіўляецца: “Калі Лукашэнка насамрэч атрымаў 80 працэнтаў, то навошта было перашкаджаць нашай працы”.

Тым часам паводле прадстаўнікоў апазыцыі, экзыт-пол сацыялягічнага цэнтру Юрыя Левады паказвае, што Лукашэнка мае крыху больш за 47 працэнтаў галасоў.

Нагадаем таксама сацыялягічнае апытаньне, праведзенае расейскім цэнтрам ВЦИОМ. Нават ягоныя лічбы разыходзяцца з тым, што цяпер падае Цэнтарвыбаркам. Паводле вынікаў ВЦИОМ, 60 працэнтаў рэспандэнтаў ў рамках адказу на прамое пытаньне заявілі, што будуць галасаваць за Лукашэнку. Дырэктар дасьледчага агенцтва «Эўразійскі маніторынг» Ігар Задорын тлумачыць:

(Задорын: ) “ Сыходзячы з гэтага мы можам дапусьціць, што наша ацэнка рэальнага галасаваньня за Лукашэнку каля 45 працэнтаў ад усіх выбарцаў. Гэта значыць, каля 15 працэнтаў з тых 60, якія тут паказаныя, ці ня прыйдуць ці будуць вагацца і так далей. Мы дапускалі так”.
XS
SM
MD
LG