Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць судзіць дзясяткі апазыцыянэраў


Любоў Лунёва, Менск Сёньня будуць судзіць затрыманых цягам трох дзён актывістаў апазыцыі ў Менску і ў рэгіёнах. Супрацоўнікі міліцыі і КДБ затрымалі толькі ў сталіцы каля двух дзесяткаў чалавек. Паколькі суды ў выходныя дні не працавалі, толькі сёньня пачнецца разгляд адміністрацыйных пратаколаў. Міліцыянты апазыцыянэраў абвінавачваюць у дробным хуліганстве, а судзьдзі ўсіх караюць арыштамі. Арышты набылі масавы характар. Затрыманыя адмаўляюцца ад удзелу ў спрэчках. Людзі пачалі адмаўляцца ад паслугаў адвакатаў, бо ня бачаць у гэтым сэнсу.

У суд Савецкага раёну Менску канваіры маюць прывезьці некалькі чалавек, сярод якіх спадары Зарэмбюк, Салаш, Карэтнікаў і яшчэ тры актывісты незарэгістраваных моладзевых рухаў.

У нядзелю напярэдадні мітынгу на Кастрычніцкай плошчы міліцыянты затрымалі лідэра незарэгістраванай “Беларускай Партыі Свабоды” Сяржука Высоцкага разам з чатырма паплечнікамі. А пасьля мітынгу затрымалі пяцёх актывістаў штабу Аляксандра Казуліна. Назіральнікі адзначаюць, што затрыманых пасьля мітынгу можа быць большая колькасьць, бо быў позьні час і людзі яшчэ папросту не даведаліся хто не дайшоў дадому. Сёньня ў судах стане вядома дакладная колькасьць затрыманых актывістаў.

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ўтрымліваюць каля паўсотні палітвязьняў. Амаль усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

За кратамі бялыніцкага ізалятару часовага ўтрыманьня больш за месяц трымаюць актывіста незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Алега Мяцеліцу. Яго затрымалі 16 лютага за ўдзел у акцыі Салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы. Пасьля таго, як Алег адседзеў 15 сутак арышту, міліцыянты яго самі адвезьлі ў Бялынічы. Як толькі ён выйшаў з пастарунку, яго зноў затрымалі. У выходны дзень у аддзел міліцыі выклікалі судзьдзю і той арыштаваў Мяцеліцу на 15 сутак. 18 сакавіка, зноў у выходны дзень, судзьдзя трэці раз пакараў апазыцыянэра на 15 сутак. Паплечнікі Алега перакананыя, што гэта было зроблена з адзінай мэтай – ня даць яму патрапіць у Менск 19 сакавіка. Такім чынам, чалавека будуць трымаць за кратамі 45 сутак запар.

Удзельнікі мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, выказваліся, што ўлады ўжо ня могуць запалохаць людзей масавымі арыштамі. Яны патрабавалі спыніць гэтую ганебную практыку.

(Ірына: ) “Усе разумеюць, якое тут дробнае хуліганства адбываецца. Чалавек выйдзе зь бел-чырвона-белым сьцягам і гэта ўжо хуліганства. Бандыцкая ўлада, калі яна так баіцца. Трэба народу зразумець, што калі ўлада так баіцца, то гэта ўжо праблема ў самой уладзе”.

17 сакавіка амбасадары Латвіі, Нямеччыныі Францыі зьвярнуліся ў МЗС, каб ім дазволілі сустрэчу зь лідэрам патрыі БНФ Вінцуком Вячоркам, які адбывае 15 сутак арышту за выступ на сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі каля кінатэатру “Бярэсьце” 8 сакавіка. Адказу пакуль яны не атрымалі.
XS
SM
MD
LG