Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Гэта ашуканства. Трэба ствараць нацыянальны часовы ўрад”


Сяргей Навумчык, Прага Папярэднія вынікі выбараў з Варшавы камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

(Навумчык: ) Спадар Зянон, як Вы ацэньваеце папярэднія вынікі сёньняшніх выбараў?

(Пазьняк: ) “Тое, што павінна было адбыцца --тое і адбылося. Пра гэта казалася мной яшчэ перад Новым годам. Гэта ніякія не выбары. Гэта ашуканства беларускага народа, нахабнае і цынічнае. Лукашэнка прысвоіў сабе больш як 80 адсоткаў, ён ня меў права ўдзельнічаць у гэтых выбарах, таму выбары незаконныя. Лукашэнка ня ёсьць прэзыдэнтам, і гэтыя выбары нельга лічыць легітымнымі. Гэта відавочна і адназначна”.

(Навумчык: ) “Ці задаволеныя Вы працэсам прапанаванага Вамі Народнага галасаваньня? Сёньня карэспандэнты “Свабоды” падавалі інфармацыю пра затрыманьні і ў рэгіёнах, і ў Менску тых, хто спрабаваў дзейнічаць па гэтай мадэлі.

(Пазьняк: ) “Народнае галасаваньне -- гэта быў адзіны шлях перакуліць гэтую дыктатуру, выкінуць Лукашэнку. Але Народнае галасаваньне, гэтак жа як і байкот, ня можна рабіць асобнай часткай. Трэба рабіць усім. Тады будзе вынік. На жаль, кандыдаты адмовіліся ад гэтага, і фактычна гэта было ўскладзена толькі на нашу партыю. Мы паставілі за мэту зрабіць гэта лякальна, на асобных участках, у Менску і ў некаторых гарадох -- Горках і іншых. Што выявілася? Выявілася, што супраць людзей, якія ішлі на Народнае галасаваньне, была ўжытая сіла.

Я ня ведаю ў гісторыі выбараў такіх выпадкаў, каб людзі былі пазбаўленыя ў час выбараў права галасаваць. Была ўжытая фізычная сіла, калі члены камісіі ўбачылі, што чалавек не галасуе за Лукашэнку. Ён абсалютна законна можа гэты бюлетэнь апусьціць, можа не апусьціць, можа яго парваць, можа ўзяць з сабой. Гэта адлюстравана ў Канстытуцыі, у выбарчым заканадаўстве, пацьверджана Цэнтральнай выбарчай камісіяй. У Горках на жанчыну, якая галасавала па схеме Народнага галасаваньня -- накінулася камісія. накінулася міліцыя, павалілі яе на падлогу, адабралі бюлетэнь, пачалі зьбіваць. А ў Менску, напрыклад, спадара Уладзімера Юхо міліцыя схапіла за рукі і ногі, кінула ў машыну, павезьлі ў пастарунак. Гэта неверагодна. вось такога факту нават не было ў Іраку ў Садама Хусэйна”.

(Навумчык: ) Ваш прагноз на будучыню?

(Пазьняк: ) “Мой прагноз на будучыню такі. Зараз улада ў Беларусі нелегітымная. Лукашэнка ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам, і ня ёсьць законным. Акрамя таго, парлямэнт не прызнаны Эўразьвязам, гэта -- таксама нелегальная ўлада. Вольная Беларусь паказала, што яна жыве і ўздымаецца з каленяў, і будзе жыць. Таму я лічу, і ў бліжэйшы час апублікую сваю заяву, узгодненую з партыяй, што трэба неадкладна ствараць часовы нацыянальны ўрад Беларусі. Гэты часовы ўрад трэба ствараць адначасна і ў Беларусі, і ў замежжы. З прысутнасьцю яго за мяжой легальнай і дыскрэтнай у Беларусі.

Мэта гэтага ўраду -- ўзяць на сябе дзеяньні па ліквідацыі дыктатуры на Беларусі. І канкрэтная мэта, якая ўсплыве рана ці позна -- гэта арганізацыя выбараў. Беларускі народ не павінен застацца без нічога ў выпадку рэзкага павароту. Павінен быць прадстаўнічы орган, павінен быць орган у выглядзе часовага ўраду, які прыме такое рашэньне. Аб гэтым мной гаварылася раней. калі ставілася пытаньне пра Народнае галасаваньне. Я не раскрываў сутнасьці гэтай зьявы, цяпер я кажу аб тым, што гэта неабходна зрабіць.

Пры тым, у часовы нацыянальны ўрад могуць быць дэлегаваныя, выбраныя прадстаўнікі любых беларускіх арганізацыяў, якія ня згодныя з дыктатурай. У тым ліку з асяродзьдзя кандыдатаў у прэзыдэнты, якія выступалі супраць рэжыму. Могуць выбраныя быць асобы адпаведныя. І з гэтай мэтай я апублікую гэтую заяву. Я даю свае тэлефоны, сваю электронную пошту ў Варшаве, і прапаную тэрмінова правесьці кансультацыі. Пасьля гэтага прыняць адпаведнае рашэньне.

(Навумчык: ) “Ці трэба разумець гэтыя Вашыя словы як прапанову канстультацыяў таксама і Мілінкевічу і Казуліну?”

(Пазьняк: ) “Я сказаў дакладна, што маю на ўвазе палітычнае асяродзьдзе тых кандыдатаў, якія выступалі супраць рэжыму. Гэта значыць, што я ня маю на ўвазе ні Лукашэнку, ні Гайдукевіча. А канешне толькі тых, хто супраць дыктатуры, у тым ліку і Вайтовіча, які зьняўся. У прынцыпе, гэта павінен быць урад над партыямі, які палягае на агульнанацыянальных задачах -- захаваць нашую Незалежнасьць, свабоду, пазбавіцца ад дыктатуры, захаваць нацыянальныя каштоўнасьці, эканоміку, зямлю, людзей. і гэтак далей. Вось мэты нацыянальнага ўраду. І я ўпэўнены. што калі нацыя ўпэўніцца, што мы гэта зробім -- а мы гатовыя да гэтага -- то мы будзем мець падтрымку. І ў гэтым я перакананы. Я бачу, як разьвіваецца сытуацыя і ў ЗША, і ў Польшчы, дзе я. дарэчы, найбольш бываю”.
XS
SM
MD
LG