Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Казулін: “Спачатку будзем дамагацца пераліку галасоў”


Алесь Дашчынскі, Менск Як ацэньвае акцыю апазыцыі, якая адбылася на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін?

Аляксандар Казулін лічыць, што гэта толькі пачатак.

(Казулін: ) “Пачатак вызваленьня людзей ад страху. Той ціск, які рабілі ўлады, запалохваньне людзей, СМСкі, лістоўкі, праклямацыі, выступ Сухарэнкі і выступ Лукашэнкі, што ўсім галовы зьвернуць, гэта, канешне, не стварала перадумоваў, што людзі выйдуць на вуліцу. Разам з тым, гэта ўжо зразумела, што гэта – іншыя выбары. Параўнальна з 2001 годам мы бачым, што людзі не пабаяліся выходзіць”.

Спадар Казулін адзначае той факт, што на плошчы сярод дэманстрантаў было шмат моладзі.

(Казулін: ) “Я бачыў, што ня толькі я прыйшоў з унукам. Былі людзі, якія таксама выходзілі з дзецьмі. Таму пазбаўленьне ад страху ўжо пачало адбывацца, і гэта – самае галоўнае”.

Адносна прагнозу на сёньня Аляксандар Казулін адзначыў, што з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі нельга змагацца ягонымі мэтадамі.

(Казулін: ) “Трэба кулаку калгаса проціпаставіць розум прафэсара. Мы, натуральна, будзем дамагацца пераліку галасоў. Калі ўлады на гэта ня пойдуць, а яны на гэта ня пойдуць відавочна, будзем дамагацца прызначэньня выбараў на 16 ліпеня. Мы мяркуем, што столькі парушэньняў, колькі было за пэрыяд гэтай выбарчай кампаніі, не было ніводзін год і ні на адных выбарах прэзыдэнта. Таму пытаньні Беларусі, відавочна, стануць у цэнтры ўвагі эўрапейскай і сусьветнай грамадзкасьці”.
XS
SM
MD
LG