Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прывяло людзей на плошчу?


Радыё Свабода. Што вас прывяло на плошчу? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў удзельнікам мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.

(Дзяўчына: ) “Я была назіральніцай за выбарамі на участку ў Серабранцы. На адлегласьць, зь якой я магла б пэўна бачыць бюлетэні, старшыня камісіі нас не пусьціла. Але я бачыла, як раскладвалі стопкі і бачыла, што стопкі Лукашэнкі і Мілінкевіча ішлі фактычна аднолькава. Але ў выніку Лукашэнка атрымаў у 10 разоў болей галасоў”.

(Студэнт: ) “Я бачыў, як студэнтаў дэканы і камэнданты прымушалі ісьці на датэрміновае галасаваньне, пагражалі выключэньнем зь інтэрнатаў і ўнівэрсытэту. Гэта было ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Намесьнік дэкана Буднік такі там ёсьць, які заўсёды зганяе людзей”.

(Мужчына сталага веку: ) “Моладзь, інтэлігенцыя, працоўныя ня вераць афіцыйнай прапагандзе. Яны за перамены, за свой выбар. А чаму ня ўсе выйшлі? Не, вы маглі сёньня пераканацца, што людзі прачнуліся. Упершыню такі масавы выхад”.

( Мужчына сярэдніх гадоў: ) “Шмат гадоў я не ўдзельнічаў ні ў якіх апазыцыйных мітынгах і дэманстрацыях, але больш няма ў мяне магчымасьці сядзець дома. Улада адабрала ў мяне ўсё: невялікі бізнэс, цяпер кватэру адбірае. І ніхто ня можа дапамагчы: ні пракуратура, ні Вярхоўны суд, ні Вышэйшы гаспадарчы суд. Мне нічога не застаецца, як толькі ісьці і пратэставаць ды спадзявацца, што прыйдзе новы чалавек, які зробіць ўладу сумленнай”.

( Малады чалавек: ) “Я сюды прыйшоў не за сябе нават змагацца. Я гэта перажыву, у мяне ёсьць сваё меркаваньне, мне ня трэба глядзець тэлевізар ці чытаць газэты, я сам усё разумею. Але я не перакананы, што мой сын, які будзе расьці ў гэтай краіне, здолее гэтаму супрацьстаяць”.

(Мужчына: ) “Я выпадковы мінак, прыйшоў сюды не таму, што мяне нехта паклікаў. У мяне сумленьне баліць. Я мяркую, не павінен прэзыдэнт ісьці на трэці тэрмін. Не дарэмна гэта ва ўсім сьвеце прыдумалі”.

( Дзяўчына: ) “Напэўна, мы здолелі пераадолець самі сябе. Так, было вельмі страшна, але трэба нам падымацца, ня час сядзець. А цяпер нам нічога не страшна. Ні магчымыя правакацыі, ні магчымыя арышты, нічога. Нават сьнег ужо ня страшны”.
XS
SM
MD
LG