Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасаваньне скончана; дзясяткі тысяч чалавек сабраліся на плошчы


Радыё Свабода Апошнія навіны зь Беларусі.

* На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбываецца масавая акцыя прыхільнікаў пераменаў. На плошчы сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. На плошчы выступіў Аляксандар Мілінкевіч. У раёне Кастрычніцкай плошчы не працуюць мабільныя тэлефоны.

* А 20-й гадзіне завяршылася галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму, на 18 гадзін прагаласавалі звыш 87 працэнтаў выбарнікаў.

* Паводле зьвестак штабу Мілінкевіча, рыхтуецца арышт кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Паводле вынікаў экзыт-полаў расейскага “Лявада-цэнтру”, Аляксандар Лукашэнка набраў крыху болей за 47 працэнтаў, Аляксандар Мілінкевіч – 25,6 працэнта.

* Раней Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што бачыць разьвязку грамадзянскага процістаяньня ў паўтарэньні прэзыдэнцкіх выбараў, у ходзе якіх было б забясьпечана прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях усіх кандыдатаў.

* Аляксандр Казулін заявіў на выбарчым участку, што вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя. “Чым больш маштабнай будзе фальсыфікацыя на выбарах, тым больш відавочным будзе падман народу”, – заявіў Казулін.

* Сяргей Гайдукевіч падчас галасаваньня заявіў, што за ўвесь час выбарчай кампаніі ў яго штаб не паступіла ніводнай скаргі аб парушэньнях заканадаўства. Аляксандар Лукашэнка прызнаўся журналістам, што прагаласаваў за Гайдукевіча, а таксама назваў Джорджа Буша першым тэрарыстам у сьвеце.

* Палітычная рада Аб’яднанай грамадзянскай партыі заявіла, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адбыліся. “Выбары кіроўчы рэжым цалкам ператварыў у фарс. Якога-небудзь выбару беларускі народ цалкам пазбаўлены”, – гаворыцца ў заяве АГП.

* Незалежныя назіральнікі зафіксавалі каля 200 парушэньняў пры галасаваньні на ўчастках і дома, – пра гэта паведаміў сёньня старшыня Беларускага клюбу выбарнікаў Уладзімер Гудзееў. Сярод парушэньняў – выдаленьне з участкаў незалежных назіральнікаў, а таксама адмовы ў падачы інфармацыі пра ход выбараў.

* На працягу дня афіцыйныя СМІ называлі вынікі праводжаных дзяржаўнымі службамі экзыт-полаў. Абвяшчэньне такіх вынікаў да заканчэньня выбараў забаронена беларускім выбарчым заканадаўствам.

* Каля беларускіх пасольстваў у Чэхіі, Польшчы, Францыі, Украіне ды шэрагу іншых краін Эўропы праводзіліся экзыт-полы і акцыі ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў. Аналягічныя акцыі адбудуцца пазьней сёньня ў Вашынгтоне й Нью-Ёрку.

* Паводле старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, за выбарамі прэзыдэнта Беларусі сочаць 33 тысячы ўнутраных й міжнародных назіральнікаў.

* У тэатрах, разьмешчаных у раёне Кастрычніцкай плошчы ў Менску, адмененыя вечаровыя спэктаклі.

* Сёньня працягваліся затрыманьні назіральнікаў і апазыцыйных актывістаў. У Слоніме на выбарчым участку №1 быў затрыманы назіральнік Алесь Масюк — міліцыя заявіла, што ён нібыта распачаў бойку. У Віцебску на участку нумар 35 затрымалі назіральніка ад каманды Мілінкевіча Сяргея Парсюкевіча. У Менску затрымалі актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Юхо. За 20 кілямэтраў да Лепелю па дарозе ў Менск міліцыя затрымала сяброў АГП Алега Тычыну, Аляксандра Маляўку й Вячаслава Малахонава. Увечары ў Менску затрыманы лідэр незарэгістраванай Партыі свабоды Сяржук Высоцкі і чатыры ягоныя паплечнікі. У першай палове дня ў Салігорску былі затрыманыя тры карэспандэнты расейскай газэты “Правое дело”.

* Суд у Ваўкавыску пакараў трыма суткамі арышту галоўнага рэдактара “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча.

* Сёньня былі заблякаваныя або зазналі атакі паасобныя навінавыя інтэрнэт-рэсурсы. Сайт Мілінкевіча ўзламаны.
XS
SM
MD
LG