Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Кастрычніцкай плошчы ідзе шматтысячны мітынг (фота)


Радыё Свабода Каля паловы на дзясятую на Кастрычніцкай плошчы пачаўся мітынг. Сяргей Калякін паведаміў, што ў іх затрымалі гукаўзмацняльную апаратуру, таму напачатку Мілінкевіч быў вымушаны выступаць з мэгафонам. Каля 10-й гадзіны была ўсталёўваная гукаапаратура і пачаўся мітынг. На плошчы таксама зьявіўся Аляксандар Казулін. Карэспандэнты Свабоды ацэньваюць колькасьць удзельнікаў у 30 тысяч чалавек. Аляксандар Мілінкевіч заклікае не разыходзіцца, пакуль ня будуць агучаныя афіцыйныя вынікі ЦВК.

Мілінкевіч заявіў: "Беларусы перамаглі! Беларусы перамаглі свой страх, калі прыйшлі на плошчу".

Мілінкевіч сказаў, што кааліцыя цяпер ператворыцца ў шырокі народны рух за свабоду Беларусі.

Было таксама аб''яўлена, што штабу Мілінкевіча вядомыя вынікі незалежных экзіт-полаў. Паводле іх, Мілінкевіч атрымаў каля 30% галасоў, а Лукашэнка каля 47% галасоў. У выніку, Мілінкевіч заявіў, што не прызнае афіцыйных вынікаў выбараў і будзе патрабаваць другога туру.

Мілінкевіч назваў выбары "фарсам". Ён выступаў хрыплым голасам, эмацыйна.

Пасьля Мілінкевіча выступаіў кіраўнік незалежнага назіраньня Бухвостаў. Потым на плошчу выйшаў Анатолькі Лябедзька, які заявіў, што "беларусы ўсталі з кален".

Каля 10-й гадзіны зьявілася гукаапаратура і пачаўся сапраўдны мітынг.

У той жа час раптоўна сапсавалася надвор''е - пайшоў моцны сьнег. Дзьме сьцюдзёны вецер.

На сцэну прабіўся іншы кандыдат -- Аляксандар Казулін -- узяў бел-чырвона-белы сьцяг і такім чынам прывітаў натоўп на Кастрычніцкай плошчы.

Казілін сказаў, што беларускі народ "павінен дапамагчы Лукашэнку сысьці".

Казулін заявіў, што "рэвалюцыя ўжо адбылася - у розумах людзей". Ён заклікаў разам маліцца за свабоду і перамогу. Адзін са сьвятароў выйшаў да мікрафона і прачытаў малітва. Апрача сьцягоў, бачна шмат ікон. крыжоў.

Прыхільнікаў Лукашэнкі заўважана не было. Людзей вельмі шмат. Уся плошча запоўнена. Паабал плошчы -- у сквэры, на падыходах -- таксама вялікія натоўпы людзей.

Афіцыйныя крыніцы МУС паведамілі пра 3000 удзельнікаў. Гэта значна заніжаная лічба. На гэты момант тут ужо дзясяткі тысяч людзей, перадае наш карэспандэнт з Кастрычніцкай плошчы.

На знак пратэсту супраць афіцыйнага асьвятленьня выбараў, якія трансьлююцца празь вялікі экран на Кастрычніцкую плошчу Менску, удзельнікі акцыі пратэсту скандуюць лёзунгі “Ганьба!”, “Праўды!”, “Жыве Беларусь!”.

Адзін з папулярных лёзунгаў, якія скандуюць удзельнікі: "Верым - можам - пераможам."

Аляксандар Мілінкевіч заклікае людзей не разыходзіцца, пакуль ня будуць агучаныя афіцыйныя вынікі ЦВК.

Пазьней Аляксандар Мілінкевіч заклікаў удзельнікаў сустрэчы вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу заўтра, у 18:30.



















XS
SM
MD
LG