Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК: ужо прагаласавала 87%; Мілінкевіч заклікае да паўторных выбараў


Радыё Свабода Да 20-й гадзіны працягваецца галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Беларусі.

* Паводле апошніх зьвестак Цэнтравыбаркаму, ужо прагаласавалі звыш 87 працэнтаў выбарнікаў.

* Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што бачыць разьвязку грамадзянскага процістаяньня ў паўтарэньні прэзыдэнцкіх выбараў, у ходзе якіх было б забясьпечана прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях ўсіх кандыдатаў.

* Аляксандр Казулін заявіў на выбарчым участку, што вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя. “Чым больш маштабнай будзе фальсыфікацыя на выбарах, тым больш відавочным будзе падман народу”, – заявіў Казулін.

* Сяргей Гайдукевіч падчас галасаваньня заявіў, што за ўвесь час выбарчай кампаніі ў яго штаб не паступіла ніводнай скаргі аб парушэньнях заканадаўства.

* Палітычная рада Аб’яднанай грамадзянскай партыі заявіла, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адбыліся. “Выбары кіроўчы рэжым цалкам ператварыў у фарс. Якога-небудзь выбару беларускі народ цалкам пазбаўлены”, – гаворыцца ў заяве АГП.

* Незалежныя назіральнікі зафіксавалі каля 200 парушэньняў пры галасаваньні на ўчастках і дома, – пра гэта паведаміў сёньня старшыня Беларускага клюбу выбарнікаў Уладзімер Гудзееў. Сярод парушэньняў – выдаленьне з участкаў незалежных назіральнікаў, а таксама адмовы ў падачы інфармацыі пра ход выбараў.

* На працягу дня афіцыйныя СМІ называлі вынікі праводжаных дзяржаўнымі службамі экзыт-полаў. Абвяшчэньне такіх вынікаў да заканчэньня выбараў забаронена беларускім выбарчым заканадаўствам.

* Каля беларускіх пасольстваў у Чэхіі, Польшчы, Францыі, Украіне ды шэрагу іншых краін Эўропы праводзіліся экзыт-полы і акцыі ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў. Аналягічныя акцыі адбудуцца пазьней сёньня ў Вашынгтоне й Нью-Ёрку.

* Паводле старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, за выбарамі прэзыдэнта Беларусі сочаць 33 тысячы ўнутраных й міжнародных назіральнікаў.

* У тэатрах, разьмешчаных у раёне Кастрычніцкай плошчы ў Менску, адмененыя вечаровыя спэктаклі.

* Сёньня працягваліся затрыманьні назіральнікаў і апазыцыйных актывістаў. У Слоніме на выбарчым участку №1 быў затрыманы назіральнік Алесь Масюк — міліцыя заявіла, што ён нібыта распачаў бойку. У Менску затрымалі актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Юхо. За 20 кілямэтраў да Лепелю па дарозе ў Менск міліцыя затрымала сяброў АГП Алега Тычыну, Аляксандра Маляўку й Вячаслава Малахонава. У першай палове ў Салігорску былі затрыманыя тры карэспандэнты расейскай газэты “Правое дело”.

* Суд у Ваўкавыску пакараў трыма суткамі арышту галоўнага рэдактара “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча.

* Сёньня былі заблякаваныя або зазналі атакі паасобныя навінавыя інтэрнэт-рэсурсы. Сайт Мілінкевіча ўзламаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG