Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва: студэнтам ЭГУ прагаласаваць пакуль не ўдалося


Тацяна Поклад, Вільня У Літве пікеты адбыліся перад амбасадай Беларусі і на памежжы зь Беларуссю. Экзіт-пол пры амбасадзе РБ у Літве праводзяць дацкія і літоўскія актывісты. Акцыі пратэсту супраць антыдэмакратычных дзеянняў беларускіх уладаў у часе выбараў адбыліся ў Літве перад будынкам амбасады Беларусі ў Вільні і на памежжы, пры кантрольна-прапускным пункце ў Медніках.

На акцыю пратэсту пры беларускай мяжы ў Літве сабраліся 70 -100 чалавек, а таксама шмат журналістаў зь літоўскіх і замежных СМІ. Большасьць удзельнікаў акцыі – незалежныя назіральнікі зь Літвы і краінаў Эўразьвязу, якіх не пусьцілі ў Беларусь, у іх ліку шэсьць літоўскіх парлямэнтароў, дэпутатака Эўрапарлямэнту ад Галяндыі, актывісты розных грамадзкіх арганізацыяў.

Падобныя ж акцыі “Запрашаем Беларусь у Эўропу” адбываліся сёньня пры беларускай мяжы і ў Польшчы і Ўкраіне.

У Літве акцыя была пры кантрольна-прапускным пункце Меднікі, дзе ў 1991 годзе савецкімі амапаўцамі з тэрыторыі Беларусі былі забітыя літоўскія памежнікі.

Ад гэтага месца ўдзельнікі акцыі, узяўшыся за рукі, прайшлі да самай мяжы. Выступоўцы выказвалі падтрымку беларускім дэмакратычным сілам, патрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі.

Пікет перад будынкам амбсасады РБ у Вільні ладзіла Таварыства беларускай культуры ў Літве. Да мясцовых беларусаў далучыліся літоўцы, грамадзяне іншых краінаў Эўразьвязу. Перад амбасадай сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек з плякатамі, бел-чырвона-белымі сьцягамі і сьцягамі краінаў Эўразьвязу. Пікетоўцы пратэставалі супраць арыштаў і затрыманьняў і шматлікіх грубых парушэньняў у часе выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Пікет адбываўся ў той час, калі літоўскія беларусы найбольш актыўна прыходзілі галасаваць. Выбарцы, якія выходзілі з амбасады, падзялілся сваімі меркаваньнямі з Радыё Свабода:

(Спадарыня з хлопчыкам, жыве ў Літве 20 гадоў: ) “Я спадзяюся, што Беларусь будзе квітнець і далей, і пашыраць свае межы, і набываць новых грамадзянаў. Я жадаю Беларусі ўсяго самага найлепшага. Я галасавала за Лукашэнку”.

(Дзяўчына: ) “Я ня веру ў тое, што гэтыя выбары пройдуць спакойна. Наш народ выйдзе на вуліцы, скажа :“Мы ня хочам гэтага прэзыдэнта!”, а яго будуць арыштоўваць?! У мяне ўжо арыштавалі старэйшага брата па выдуманых абвінавачваньнях – нібыта ён закідаў спэцназ недапалкамі і сьнежкамі. Але ён увогуле не паліць! Што будзе ў нашай краіне, калі судзьдзі ня вераць свайму народу, калі яго садзяць і арыштоўваюць проста так?!”

(Студэнтка зь Беларусі: ) “Насамрэч гэта такая жудасная сытуацыя, калі глядзіш у сваю запісную кніжку ў тэлефоне, і бачыш, што там вялікая колькасьць тых, хто ўжо сядзяць.” – “Можа кагосьці ты ўжо і не ўбачыш ніколі, хто ведае!”

(Дзяўчына: ) “Менавіта я спадзяюся на тых людзей ва ўладзе, з АМАПУ, з міліцыі, што ўсё ж такі ў іх абудзецца сумленьне, бо яны ведаюць, што тыя хто сёньня пойдзе на плошчу – мірныя жыхары, яны ідуць з кветкамі, бяз ніякай зброі, проста адстаяць свае правы.”

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што менавіта зараз нешта ўжо зьмянілася ў нас. Людзі менш баяцца, выходзяць на вуліцы.”

Прэсавы прадстаўнік беларускай амбасады ў Літве С.Балашчанка паведаміў, што ў іх зарэгістраваныя крыху “больш за 1000 выбарцаў”, што акрэдытаваных незалежных назіральнікаў у амбсадзе няма, але “пад час галасаваньня дзьверы для ўсіх адкрытыя”.

Тым часам беларускія студэнты, якія вучацца ў Вільні, сутыкнуліся з перашкодамі, калі прыйшлі галасаваць.

У амбасадзе РБ іх прасілі пакінуць заявы, каб іх зарэгістравалі, і прыходзіць галасаваць пасьля 18 гадзінаў, папярэдзіўшы, што білютэняў можа не хапіць.

Я размаўляю са студэнтакамі з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту якія наважаныя прыехаць і другі раз у амбасаду, хаця дарога ад іх інтэрнату да амбасады толькі ў адзін бок займае якнайменей паўтары гадзіны:

(Студэнтка ЭГУ: ) “ Мы – беларускія грамадзянкі, але мы не змаглі зараз прагаласаваць”.

(Студэнтка: ) “Нам сказалі, што трэба было раней зарэгістравацца, цяпер яшчэ невядома, як вырашыцца справа”.

(Студэнтка: ) “Яны ня ведаюць, колькі ў іх людзей будзе галасаваць, таму мы павінны галасаваць самымі апошнімі”.

Студэнты распавялі, што падобныя праблемы былі і ў іх сяброў па ўнівэрсытэту, хаця яны давядваліся загадзя адносна таго, дзе і як ім галасаваць.

(Студэнтка ЭГУ: ) “Калі я была ў Менску, я адмыслова ўдакладняла, мне сказалі, што ня трэба ніякіх лістоў, нічога – проста прыйсьці ў дзень галасаваньня ў амбсаду і прагаласаваць. Зараз нам гавораць, што нам трэба пісаць нейкія заявы”.

(Студэнтка: ) “Магчыма, на нас яшчэ ня хопіць білютэняў. У іх абмежаваная колькасьць білютэняў, як нам сказалі, яны не ведаюць, колькі людзей у іх зьбіраюцца галасаваць, менавіта таму яны нібыта зьбіраюцца спачатку разглядаць нашыя заявы”.

У акцыях пратэсту ў Літве бяруць удзел прадстаўнікі дацкай грамадзкай арганізацыі “Сілба”, якіх беларускія ўлады дэпартавалі зь Беларусі. Актывісты “Сілбы” і літоўскай грамадзкай арганізацыі “Маладыя ліберал-цэнтрысты” сёньня на вуліцы пры ўваходзе ў амбасаду РБ ад 8.00 да 20.00 праводзяць апытаньне прагаласаваўшых грамадзянаў Беларусі.

Мэта апытаньня – параўнаць з афіцыйнымі лічбамі колькасьць галасоў, ададзеных за розных кандыдатаў, паводле словаў саміх выбарцаў.
XS
SM
MD
LG