Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёлягі: абвяшчаючы вынікі экзыт-полаў, улада парушае закон


Радыё Свабода Цягам дня дзяржаўныя cродкі масавай інфармацыі агучвалі дадзеныя экзыт-полаў. Экспэрты аналітычнага цэнтру “Экоом” і Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі ў адзін голась сьцьвярджалі, што больш за 80% апытаных пры выхадзе з выбарчых участкаў аддалі свае галасы за дзейнага кіраўніка краіны. Між тым, сацыёлягі кажуць, што, паводле заканадаўства, публікацыя падобных зьвестак у дзень галасаваньня забароненая.

Ад самай раніцы афіцыйныя СМІ агучылі першыя дадзеныя вынікаў так званых экзыт-полаў — апытаньня выбарцаў на выхадзе з выбарчых участкаў.

Паводле дзяржаўных службаў маніторынгу, за Аляксандра Лукашэнку аддалі галасы адразу 83%, а потым і ўвогуле 84,2% ад тых, што ўжо прагаласавалі.

Другое месца, падаюць афіцыйныя сацыёлягі, зьмяняючы адзін аднаго, займалі Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Мілінкевіч – паводлеапошніх апытаньняў, у іх больш за 4% галасоў. Аляксандар Казулін — аўтсайдар афіцыйных экзыт-полаў з 2,5%.

Пры гэтым, паводле дадзеных аналітычнага цэнтру “Экоом”, супраць усіх кандыдатаў прагаласавала ад 6 да 9% выбарцаў — амаль столькі ж, колькі за трох апанэнтаў Лукашэнкі разам.

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, апытаньнем выбарцаў займаюцца дзьве дзяржаўныя структуры — аналітычны цэнтар “Экоом” і адпаведная служба БРСМ.

Аналітыкі адзначаюць, што гэта самы высокі агучаны “паказчык даверу” дзейнаму кіраўніку краіны за ўвесь час перадвыбарнай кампаніі. Дагэтуль агучваліся 72-76% за Лукашэнку, аднак да 84% справа яшчэ не даходзіла.

Кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі “Новак” Андрэй Вардамацкі кажа, што абвяшчэньне падобных вынікаў ужо ў першай палове дня забаронена выбарчым заканадаўствам.

(Вардамацкі: ) “Я ведаю, што на гэты час абвяшчаць дадзеныя экзыт-полаў, паводле закону, забаронена. Цяпер ніякія лічбы абвяшчаць нельга. Гэта не адпавядае закону”.

Спадар Вардамацкі ўдакладніў, што ягоны цэнтар у гэтую прэзыдэнцкую кампанію экзыт-полаў не праводзіць.

Афіцыйныя прамежкавыя вынікі пракамэнтавалі ў камандах кандыдатаў. Гаворыць Аляксей Кароль, сябра штабу кандыдата Аляксандра Казуліна:

(Кароль: ) “Усё робіцца паводле агучанай схемы — з выхадам на 78% “за” Лукашэнку. Цягам усёй кампаніі афіцыйныя структуры давалі другое месца Гайдукевічу, трэцяе — Мілінкевічу, чацьвёртае — Казуліну. Гэта прыкладна тая ж схема, што “працавала” ў праграме “Выбор” на канале ОНТ. Але там за Лукашэнку было 78%. Але 84% — любімая лічба ўсіх выбараў”.

Ад штабу Аляксандра Мілінкевіча сытуацыю пракамэнтаваў намесьнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр.

(Альфэр: ) “Гэта абсалютны піяр. Дарэчы, з парушэньнем Выбарчага кодэксу. Бо сёньня сацыялягічныя дадзеныя нельга ўвогуле выдаваць. Зразумела, дзеля чаго гэта робіцца. Каб апраўдаць вынікі, якія яны зьбіраюцца агалосіць. У сярэднім па краіне прагаласавала 31% датэрмінова (а насамрэч, можа, і больш бюлетэняў у гэтыя скрыні было кінута). На сёньняшні дзень пры 85-працэнтнай яўцы (з улікам датэрміновага галасаваньня і пры 100-працэнтнай замене бюлетэняў) 55% аўтаматычна — гэта працэнты Лукашэнкі. Як гаворыцца, выбары зрабілі штучна, і іх ужо можна было не праводзіць”.

Яшчэ ў сярэдзіне дня Цэнтравыбаркам паведаміў, што выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся — паводле дадзеных на 14.00 прагаласавала больш за 70% беларускіх выбарнікаў, а яшчэ праз дзьве гадзіны гэтая колькасьць склала 81%.
XS
SM
MD
LG