Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: асноўныя парушэньні былі падчас датэрміновага галасаваньня?


Радыё Свабода, Віцебск Віцебскія назіральнікі кажуць, што асноўныя парушэньні былі ня сёньня, а ў часе датэрміновага галасаваньня. Сёньня яны фіксуюць у асноўным дробныя парушэньні выбарчага заканадаўства, заўважаныя імі нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы працы.

Назіральнікі шмат якіх віцебскіх участкаў скардзяцца на тое, што ня бачаць працэсу выбараў. Паводле Алены Залесскай, назіральніцы пра выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёну, надзвычай нязручныя месцы для назіральнікаў вызначаныя на ўчастках №29 і №30. У падобным становішчы апынулася і Тацьцяна Севярынец, назіральніца на участку №18 Першамайскага раёна Віцебска.

(Севярынец: ) "Назіральнікаў тут чалавек сем сядзіць, а сталы для назіральнікаў стаяць няправільна. Бо назіральнік мусіць бачыць і кабіны, і скрыні для галасаваньня. А ў нас некаторыя назіральнікі мусяць сядзець сьпінай да кабінаў, і глядзець адно аднаму ў твар. І ўсё! У кабінах вісяць узоры запаўненьня бюлетэняў: прозьвішчы там абы-якія, але як у сапраўдным бюлетэні Лукашэнка йдзе трэцім, так і ва ўзоры на трэцім радку стаіць такая тлустая-тлустая “птушка”. Адным словам, замбаваньне".

Што да іншых парушэньняў, то назіральнікі заўважаюць, як у кабіны выбарцы заходзяць па двое і па трое, як некалькі бюлетэняў выдаюцца па адным пашпарце. Адзначаюць і тое, што старшыні камісіяў не кажуць ім лічбы прагаласаваўшых, як на ўчастку, так і па дамах.

Але, на думку дастаткова вялікай колькасьці назіральнікаў, гэткія парушэньні можна лічыць дробнымі, а найбуйнейшым – тое, што людзей гвалтам заганялі на датэрміновае галасаваньне і настойліва агітавалі галасаваць за дзейнага прэзыдэнта.

Анатоль Гнеўка, кіраўнік віцебскага штабу Казуліна, аб''ехаў за дзень некалькі дзесяткаў участкаў для галасаваньня. Вось якія высновы ён зрабіў.

(Гнеўка:) “Ну, як вам сказаць? Парушэньні такія, увогуле, нязначныя. У часе датэрміновага галасаваньня ўсё ўжо адпрацавана. Усё ўжо гатова, канечне!”
XS
SM
MD
LG