Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі адзначаюць парушэньні на Гомельшчыне й Меншчыне


Радыё Свабода На Гомельшчыне й Меншчыне, паводле афіцыйных асобаў, галасаваньне адбывалася ў адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам. Незалежныя назіральнікі гавораць пра шматлікія парушэньні.

Як сьведчаць зьвесткі Цэнтравыбаркаму, Гомельшчына была лідэрам сярод рэгіёнаў паводле актыўнасьці выбарцаў. А 12-й гадзіне тут ужо прагаласавала 59%. Афіцыйныя асобы гэтага рэгіёну лічаць, што выбары адбываліся ў адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам. А вось меркаваньне намесьніка старшыні Гомельскага абласнога выбарчага штабу Мілінкевіча Ўладзімера Сякеркі:

(Сякерка: ) “Парушэньні такія: непрадастаўленьне інфармацыі пра колькасьць выбарцаў на ўчастках, непрадастаўленьне інфармацыі пра колькасьць удзельнікаў датэрміновага галасаваньня, колькасьць атрыманых бюлетэняў, у кабіны для галасаваньня заходзілі два, тры і нават больш чалавек. І на гэта не рэагуюць”.

Паводле спадара Сякеркі, з арганізацыяй незалежнага назіраньня на Гомельшчыне ўзьніклі складанасьці яшчэ й таму, што тут апошнімі днямі арыштоўвалі актывістаў, у тым ліку і кіраўніка абласнога штабу Мілінкевіча Ўладзімера Кацору.

Улады Меншчыны таксама заявілі пра добрую арганізацыю выбарчага працэсу ў вобласьці. Вось што паведаміў Радыё Свабода кіраўнік абласной выбарчай камісіі Ўладзімер Курловіч:

(Курловіч: ) “У цэлым ідзе галасаваньне спакойна, упэўнена. Людзі прыходзяць, галасуюць. Нейкіх узрушэньняў альбо нейкіх рухаў няма. Назіральнікі пакуль нейкіх парушэньняў не зарэгістравалі”.

Інакш лічаць асобы, якія вялі незалежнае назіраньне. Вось, напрыклад, што паведаміў з Барысава Мікалай Пахабаў, які зарэгістраваўся тут як назіральнік на ўчастку №26:

(Пахабаў: ) “Сёньня прыяжджаю да сябе на 26-ты участак. Старшыня камісіі Васільеў Уладзімер Васільевіч мяне выгнаў. Я прыехаў у пракуратуру і напісаў скаргу пра тое, што на 26-м участку магчымая фальсыфікацыя, таму што падчас апячатваньня скрыняў я быў выдалены”.

Прадпрымальнік Аляксандар Талстыка галасаваў сёньня ў мястэчку Крывічы Мядзельскага раёну. Аднак свайго прозьвішча ў сьпісе выбарцаў участку №17, дзе старшынёю камісіі Натальля Бялоўская, ён не знайшоў:

(Талстыка: ) “Я папрасіў тады дадатковы бюлетэнь. Яна паднялася і паказала цэлую скрыню бюлетэняў. Я пытаюся: “А што, калі б было так, што мяне ўключылі ў дадатковы сьпіс, аднак бюлетэняў не аказалася?” Яна адказала: “Бюлетэняў у мяне хапае”. І паказвае цэлую скрыню бюлетэняў”.

У Салігорску адбыўся інцыдэнт з назіральнікамі, якія прыехалі з Расеі. Вось што паведаміў Радыё Свабода кіраўнік мясцовага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага камітэту Леанід Мархотка:

(Мархотка: ) “У горад Салігорск прыехалі журналісты газэты “Правое дело” з гораду Варонежу Іваноў Уладзімер Анатольевіч, Болдыраў Аляксандар Яўгенавіч і Панкоў Генадзь Яфімавіч. Яны сёньня да васьмі гадзінаў раніцы зарэгістраваліся на выбарчых участках Салігорску. Яны патэлефанавалі мне дзесьці аб 11-й гадзіне і сказалі, што іх усіх пад канвоем пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў памяшканьне Салігорскага ГАУС”.

Як паведаміў спадар Мархотка, салігорскія міліцыянты адмовілі яму ў спатканьні з затрыманымі расейскімі карэспандэнтамі.
XS
SM
MD
LG