Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошчы і вуліцы ў цэнтры Менску апусьцелі


Радыё Свабода, Менск Наш карэспандэнт абышоў цэнтар сталіцы Беларусі, дзе, як і ва ўсёй краіне, працягваецца галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Журналіста найбольш уразіла, наколькі бязьлюдным быў днём цэнтар Менску.

Дзьве гадзіны дня. Выходжу з мэтро на Кастрычніцкую плошчу, да Палацу Рэспублікі. У гэты момант у палацы ідзе чарговая прэсавая канфэрэнцыя Цэнтравыбаркаму. Плошча не агароджана, але і людзей на ёй не відаць. Толькі два аўтамабілі ДАІ дзяжураць на прылеглых вуліцах, уезд на якія забаронены. Замежны журналіст здымае плошчу на відэакамэру.

Празь дзесяць хвілінаў мне тэлефануе журналістка Ніно Геаргіабіні з грузінскага грамадзкага тэлебачаньня. Кажа, што толькі што яе выгналі з плошчы за спробу сфатаграфаваць навакольле.

За Палацам Рэспублікі на Гандлёвай вуліцы насупраць рэстарану “Журавінка” бачу два чырвоныя аўтобусы. Міліцыянты, якія выходзяць з аўтобусаў, апранутыя звычайна і ня ўзброеныя — толькі з дубінкамі. Палкоўнік, які кіруе гэтым атрадам, катэгарычна забараняе фатаграфаваць міліцыянтаў, пагражае разьбіць камэру.

Незвычайна пуста і на плошчы Свабоды. Побач са сьцяной гарадзкой ратушы сабраны мэталічныя турнікеты, якімі загароджваюць плошчу. Адзіны на плошчы аўтамабіль стаіць з разьбітым шклом.

Двор за домам №22 на праспэкце Незалежнасьці. Год таму на Дзень Волі тут хаваліся аўтобусы і аўтамабілі з амонаўцамі. Цяпер двор пусты. На ўваходзе ў такі ж двор насупраць дзяжураць два амонаўцы.

Аўтамабільны рух на вуліцах Карла Маркса, Леніна, Кірава і ўсіх прылеглых да адміністрацыі прэзыдэнта перакрыты. Рэдкія аўтамабілі, якія сюды заяжджаюць, адразу правяраюць супрацоўнікі ДАІ. Мінакоў амаль не відаць.

Рух праз плошчу Незалежнасьці і далей па праспэкце не перакрыты, але аўтамабіляў едзе незвычайна мала. На плошчы дзяжураць адразу некалькі трактараў-эвакуатараў.











Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG