Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка гатовы ўжыць сілу, каб не дапусьціць паўтору аранжавай рэвалюцыі"


Радыё Свабода, Прага Вядучыя ўсясьветныя мэдыі – “Sunday Times”, “Los Angeles Times”, Washington Post”, “New York Times” – сёньня прысьвяцілі свае артыкулы прэзыдэнцкім выбарам у Беларусі.

Аўстралійская “Sunday Times” піша пра тое, што 19 сакавіка на дахах дамоў вакол Кастрычніцкай плошчы ў Менску, дзе чакаюцца вулічныя пратэсты, будуць знаходзіцца спайпэры. 51-гадовы Лукашэнка, які хоча пераабрацца на трэці тэрмін, загадаў прывесьці ў падвышаную баявую гатовасьць байцоў спэцпадразьдзяленьне “Алмаз”. Газэта паведамляе таксама пра тое, што да Менску перадысьлякаваныя дэсантнікі з Віцебскай дывізыі. Спайпэры ў цэнтры Менску пацьвярджаюць асьцярогі беларускай апазцыі, што Лукашэнка гатовы ўжыць сілу, каб не дапусьціць паўтору аранжавай рэвалюцыі, піша аўстралійская “Sunday Times”.

Карэспандэнт “New York Times” адзначае, што ў цэнтры Менску фактычна не заўважна ніякіх выбарчых плякатаў, налепак, агітацыйных матэрыялаў, нават за Аляксандра Лукашэнку, якія б сьведчылі, што ў Беларусі адываюцца выбары. Тыя, хто распаўсюджваюць агітацыйныя матэрыялы ці нават проста маюць іх пры сябе, рызыкуюць быць арыштаванымі. Вынікі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі прадказальныя. Але галасаваньне – гэта толькі прэлюдыя да рэальнай барацьбы супраць улады Лукашэнкі, і ёсьць асьцярогі, што яны могуць закончыцца моцнымі рэпрэсіямі і гвалтам на манумэнтальных вуліцах Менску. А кандыдатаў на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна, якія заклікалі людзей выйсьці на вуліцы, беларускія ўлады могуць абвінаваціць у тэрарыстычнай дзейнасьці.

“New York Times” цытуе сябра каманды Мілінкевіча Аляксея Янукевіча, які кажа, што “мы будзем заставацца на вуліцы як найменей 24 гадзіны, і калі ў панядзелак людзей на плошчы будзе болей, чым у нядзелю, то гэта значыць, што працэс працягваецца”.

“New York Times” піша, што дэмакратычныя перамены ва Ўкраіне, Грузіі і Кыргызстане натхнілі многіх, аднак Лукашэнка гэтаксама зрабіў свае высновы і прааналізаваў памылкі Кучмы і Шэварнадзэ, адзначае амэрыканская газэта.

“Washington Post” падрабязна піша пра масавыя рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненьні да апазыцыйных актывістаў у Беларусі, адзначаючы, што такім чынам ўлады спрабуюць прадухіліць пратэсты.

Газэта прыводзіць дадазеныя Вашынгтонскага цэнтру InterMedia, у адпаведнасьці зь якімі Лукашэнка на выбарах атрымае прынамсі 53 адсоткі галасоў, што дастаткова, каб перамагчы ў першым туры выбараў. Паводле InterMedia, Мілінкевіч атрымае каля 6 адсоткаў галасоў, а Казулін і Гайдукевіч адпаведна 4,7 і 0.5 адсоткаў галасоў.

“Washington Post” тлумачыць пэўнымі гістарычнымі прычынамі тое, што Лукашэнка яшчэ дастаткова папулярны сярод беларусаў. Для многіх жыхароў Беларусі, якія зьведалі пакуты Другой Усясьветнай вайны і Чарнобыль, стабільнасьць – гэта каштоўнасьць, вышэйшая за свабоду.

“Los Angeles Times” зьвяртае ўвагу на антыамэрыканскую прапаганду на беларускім тэлебачаньні напярэдадні выбараў. Аўтар артыкулу з іроніяй піша, што амэрыканцам, якія ў школе абмінулі асноўныя моманты амэрыканскай гісторыі, дастаткова было б паглядзець на гэтым тыдні тэлебачаньне Беларусі – "краіны, дзе старыя машыны савецкай прапаганды добра змазаныя". Газэта цытуе БТ, якое кажа, што галоўным прынцыпам амэрыканскай дэмакрытыі ёсьць дэвіз – грошы ня пахнуць, тады як у самого Лукашэнкі ўжо набітае вока, што да ягоных ўяўленьняў аб дэмакрытыі. Амэрыканскі ўрад выдаткоўвае болей за 9 мільёнаў даляраў у год на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі дзеля барацьбы з адной з самых рэпрэсійўных дыктатур у сьвеце, піша “Los Angeles Times”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG