Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мілінкевіч: “Магчымая разьвязка — паўторныя выбары”


Радыё Свабода Кандыдат ад яб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і кіраўнік ягонага штабу сёньня на прэсавай канфэрэнцыі далі ацэнку парушэньням выбарчага заканадаўства, у тым ліку падчас сёньняшняга галасаваньня і выказалі свае погляды на магчымую разьвязку.

На гэты час, паводле Аляксандра Мілінкевіча, у турмах сядзіць больш за 80 актывістаў ягонай каманды, больш за 160 чалавек атрымалі вялікія штрафы, усяго пацярпелі з пачатку кампаніі 450 актывістаў. Да сёньняшніх парушэньняў спадар Мілінкевіч аднёс выдаленьне назіральнікаў з участкаў, напады на офісы няўрадавых арганізацыяў, ціск і запалохваньне з боку ўладаў. Незвычайна вялікая колькасьць людзей, якія прагаласавалі датэрмінова, а таксама публікацыя вынікаў праўладных сацапытаньняў экзыт-пол у час, калі ідзе галасаваньне, сьведчаць пра падрыхтоўку да маштабнай фальсыфікацыі вынікаў выбараў, у выніку якой абвесьцяць лічбу больш за 75% за А.Лукашэнку, зазначыў спадар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Але гэта будзе не рэальны вынік, гэта будзе вынік фальсыфікацыяў, якія цягнуцца ўжо даўно. Яны ня будуць прызнаныя ні намі, ні большасьцю беларускага насельніцтва. Яны ня будуць прызнаныя дэмакратычнымі краінамі”.

На пытаньне аб тым, якая магчымая разьвязка канфлікту вакол выбараў, спадар Мілінкевіч адказаў:

(Мілінкевіч: ) “Я бачу разьвязку гэтага грамадзянскага супрацьстаяньня ў паўтарэньні выбараў, у выбарах, падчас якіх у камісіях будуць прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў”.

Сяргей Калякін заявіў, што апазыцыя ня будзе прызнаваць абвяшчэньня А.Лукашэнкі прэзыдэнтам і таму, што ягоны ўдзел у выбарах супярэчыць “Закону аб прэзыдэнту”, які дазваляе адной асобе балятавацца на выбарах толькі два разы:

(Калякін: ) “Лукашэнка ў любым выпадку ня можа быць легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь на чарговы тэрмін. Ён незаконна ўдзельнічае ў гэтых выбарах”.

Аляксандар Мілінкевіч зазначыў, што ня бачыць сэнсу абскарджваць вынікаў выбараў у судах, бо яны цалкам залежаць ад выканаўчай улады.

(Мілінкевіч: ) “Я буду заклікаць да розуму ўлады, нельга заганяць гэты канфлікт, нельга яго разьдзьмуваць. Трэба знаходзіць спосаб вырашэньня. Давайце мірна, давайце сядзем за стол перамоваў. Толькі ад улады будзе залежаць, на што яна здольная пайсьці”.

Спадар Мілінкевіч не выключае, што дзейная ўлада пойдзе на ўвядзеньне надзвычайнага становішча, але лічыць, што гэта будзе пачаткам канца рэжыму.
XS
SM
MD
LG