Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін на выбарчым участку заявіў, што выбары сфальшаваны


Радыё Свабода, Менск Прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) галасаваў у Менску на выбарчым участку нумар 24, які месьціцца на вуліцы Максіма Багдановіча ў школе нумар 188. Аляксандар Казулін чарговы раз заклікаў выбарцаў выйсьці ўвечары 19 сакавіка ў цэнтар Менску з кветкамі ў руках.

Аляксандар Казулін зьбіраўся галасаваць а 12-й гадзіне, але трохі затрымаўся перад уваходам у выбарчы ўчастак, бо на ганку кандыдата чакала некалькі дзясяткаў выбарцаў. Адказваючы на пытаньне, узмоцняцца ці зьменшацца рэпрэсіі пасьля выбараў, Аляксандар Казулін заявіў:

(Казулін: ) “Столькі рэпрэсіяў, колькі ў нашай краіне, ужо ні ў воднай краіне ня знойдзеш. Нам толькі не хапае афіцыйна паставіць канцлягеры. Што б ні здарылася, 20 сакавіка мы ўжо будзем жыць у іншай краіне. Гістарычны час Лукашэнкі скончыўся — гэта адназначна”.

Прамаўляючы перад прысутнымі на выбарчым участку адразу па галасаваньні, Аляксандар Казулін заявіў: ён ведае, што яго хочуць зьмясьціць за краты:

(Казулін: ) “Я рады буду, калі гэта будуць адкрытыя працэсы. Адразу будзе паказана сутнасьць гэтай улады. Я за рэвалюцыю ў сьвядомасьці, душах і сэрцах”.

На выбарчым участку можна было сустрэць вядомых у краіне творчых асоб. Вось словы літаратара Валянціна Тараса:

(Тарас: ) “Я жыву ў гэтым раёне ўжо больш за 20 гадоў. І я ведаю, што ўжо (на момант 12.30) прыкладна 30 чалавек прагаласавалі альбо за Мілінкевіча, альбо за Казуліна. Але ўсё роўна намалююць тое, што задумана. Мэтодыка адпрацаваная”.

На выбарчым участку не бракавала людзей, якія прыйшлі галасаваць з аптымізмам:

(Карэспандэнт: ) “Зь якім настроем ідзяцё?”

(Рабочы: ) “З добрым”.

(Карэспандэнт: ) “Што зьменіцца пасьля выбараў?”

(Рабочы: ) “Цяжка сказаць... Выпрацавана пэўная палітыка. Дзяржава ж не падымаецца з калень, а жыве, і ёсьць пэўныя мэты, пляны”.

Як і ў часе папярэдніх выбарчых кампаніяў, у будынку школы прадавалі сьпіртовыя напоі. Я зьвярнуўся да прадавачак:

(Карэспандэнт: ) “Вы ўжо тут паўтары гадзіны — ці куплялі гарэлку?”

(Прадавачка: ) “Чалавек пяць купілі — дакладна. Я зьвярнула ўвагу, ці была моладзь. Але больш дарослыя людзі — каля сарака гадоў”.

Адзін са спадароў, што купляў гарэлку:

(Спадар: ) “Я прагаласаваў, як заўжды. Я выбар свой зрабіў даўно — за мір, за дружбу, за добры заробак”.

А вось словы спадарыні пэнсійнага веку са значкам “За Свабоду” на паліто:

(Спадарыня: ) "Ні ў каго няма аніякіх шанцаў, бо сфальсыфікуюць, як трэба. Усё — трэба змагацца".

Сярод іншых на выбарчы ўчастак нумар 24 прыйшоў пісьменьнік Віктар Казько:

(Казько: ) “Казулін надаў інтрыгу выбарам. Казулін выйшаў з рамак таго, як гэта было раней. Вялікай упэўненасьці, быццам што-небудзь будзе, ня маю, але мы ўпершыню маем больш-менш сапраўдных кандыдатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG