Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Я ведаю, што ў краіне будуць і Свабода, і Праўда, і Справядлівасьць”


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч галасаваў на выбарчым участку №13, разьмешчаным у школе №166 на вуліцы Чэхава ў Менску. Гэтую падзею асьвятлялі больш за сто журналістаў з розных краінаў сьвету. Падчас прамовы Аляксандар Мілінкевіч заклікаў усіх прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў прыйсьці на Кастрычніцкі пляц Менску з кветкамі — каб адзначыць сьвята Свабоды.

Аляксандра Мілінкевіча й ягоную жонку Іну Кулей дзясяткі выбарцаў, прыхільнікі й журналісты сустракалі аплядысмэнтамі яшчэ на падыходзе да выбарчага ўчастку. Пасьля галасаваньня кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі выступіў з кароткай прамова, у якой заклікаў усіх дэмакратычна настроеных грамадзянаў прыйсьці на Кастрычніцкі пляц Менску з кветкамі.

(Мілінкевіч: ) “Мы не зьбіраемся выбіраць прэзыдэнта на плошчы. Але мы будзем гаварыць пра тое, як праходзілі выбары. І калі будуць нейкія правакацыі, то адказнасьць за іх ляжа на кіраўніцтва краіны. Якія б вынікі ні былі абвешчаны, я ведаю, што ў нашай краіне будуць і Свабода, і Праўда, і Справядлівасьць”.

Аляксандар Мілінкевіч таксама паведаміў, што падчас выбарчай кампаніі арыштавана каля 300 актывістаў ягонага штабу ў розных гарадах краіны, і з 30 давераных асоб 9 чалавек цяпер знаходзяцца ў турме.

Дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзімер Рыжкоў, які прысутнічаў падчас галасаваньня, таксама заявіў пра недэмакратычнасьць прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі й гэтак пракамэнтаваў пазыцыю Расеі:

(Рыжкоў: ) “Прэзыдэнт Пуцін ні разу адкрыта не выступіў у падтрымку прэзыдэнта Лукашэнкі. Гэта сьведчыць пра тое, што Расея стрымана разглядае гэтыя выбары. І, безумоўна, Расея не падтрымае ніякія сілавыя дзеяньні з боку беларускіх уладаў”.

Гаварыў дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзімер Рыжкоў. На пытаньні шматлікіх журналістаў Аляксандар Мілінкевіч адказваў на беларускай, расейскай, польскай і францускай мовах. Сярод іншага кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі заявіў: калі ўлада наважыцца арыштаваць яго, гэта стане пачаткам хуткага канца гэтага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG