Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом Тадэвуша Гавіна — пад пільным наглядам


Радыё Свабода Давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча Тадэвуш Гавін жыве побач з Горадняй у вёсцы Галавічы. Дома яго цяпер няма, а жонка Наталя Гавіна паведаміла Радыё Свабода, што зь пятніцы за домам вядзецца цэладзённае назіраньне.

У пятніцу на дарозе насупраць дому зьявілася незнаёмая машына. Уначы машына пад’ехала бліжэй да дому. Раніцай прыйшоў участковы міліцыянт — пацікавіўся, дзе знаходзіцца гаспадар і калі ён будзе дома. Увечары ў дзьверы пазванілі міліцыянты: прынесьлі Тадэвушу Гавіну позву па крымінальнай справе. Жонка запярэчыла: “Ён не праходзіць па крымінальных справах”. І папрасіла ўкінуць позву ў паштовую скрынку.

Сёньня ўначы каля дому дзяжурылі ўжо дзьве машыны. А ўдзень зьявіўся незнаёмы мужчына й папрасіўся ўвайсьці ў дом: на вуліцы, нібыта, пахне газам, і трэба агледзець кухню. Натальля Гавіна яго не пусьціла, патлумачыўшы: “У доме нядаўна правяралі газавыя прыборы, — усё нармальна”.

Паводле гаспадыні, сёньня зьявілася трэцяя машына — з буданом, і людзі зь яе віталіся з тымі, што дзяжурылі ў двух іншых аўтамабілях.
XS
SM
MD
LG