Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прагаласаваў за Гайдукевіча


Радыё Свабода Сёньня а 12-й гадзіне на выбарчым участку №1, што разьмешчаны ў будынку Акадэміі фізвыхаваньня, галасаваў Аляксандар Лукашэнка. На ўчастак Лукашэнка прыбыў у суправаджэньні мэра Менску Міхаіла Паўлава, іншых афіцыйных асобаў (сыноў ды яшчэ каго зь сям’і зь ім не было).

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, “беларускі народ будзе вызначаць, хто стане прэзыдэнтам Беларусі”. Ён таксама заявіў, што ўлады будуць адэкватна рэагаваць на дзеяньні апазыцыі: “Клянуся, на падобныя рэчы мы будзем рэагаваць адэкватна — так, як будзе складацца абстаноўка”.

Аляксандар Лукашэнка лічыць: “Ніякага расколу ў грамадзтве ня будзе. Нас гэтым расколам палохаюць ужо больш за 10 гадоў, але ў нас маналітнае грамадзтва”. Што да магчымасьці прыцягваньня ў сваю каманду пасьля перамогі на выбарах прадстаўнікоў апазыцыі, Лукашэнка сказаў: “Амаль усе яны ў маім урадзе былі, а потым сышлі. Як самі альтэрнатыўныя кандыдаты сьцьвярджаюць, яны калісьці хадзілі каля правага абцасу прэзыдэнта”.

Камэнтуючы факт перадачы прэзыдэнтам ЗША ў Кангрэс зьвестак аб асабістых рахунках прэзыдэнта Беларусі, Лукашэнка назваў гэтыя дзеяньні “дробным шантажом”. “Ён (Буш) ня ў стане нават свае прыбыткі палічыць, атрыманыя ад нафты й вайны”. Джорджа Буша Лукашэнка назваў “першым тэрарыстам на плянэце”: “Таму што ў адкрытую развальваць дзяржавы ў розных частках сьвету, потым і прэзыдэнтаў забіваць — вы мне прабачце”.

На пытаньне журналістаў, за каго прагаласаваў дзейны прэзыдэнт, Лукашэнка адказаў: “За сябе я не галасаваў. Прагаласаваў за Гайдукевіча”. Аднак на выхадзе з участку на гэткае ж зацікаўленьне прысутных жанчын кіраўнік Беларусі пажартаваў: “За Мілінкевіча....”
XS
SM
MD
LG