Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля беларускіх амбасадаў па ўсёй Эўропе ладзяцца пікеты і экзыт-полы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы і іншых эўрапейскіх краінах ад самага ранку пачаліся самыя розныя акцыі ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў.

Раніцай на польска-беларускай мяжы, на пераходзе ў Кузьніцы Беластоцкай дзесяткі маладых людзей пачалі акцыю “Абшар дэмакратыі”, у часе якой сымбалічна запрашалі беларусаў у Эўразьвяз. Прыстуныя скандавалі, “Лукашэнка – час сыходзіць”, “Эўропа зь Беларусьсю”.

(Удзельнік: ) “Беларусы хочуць жыць у дэмакратычнай краіне – я веру ў гэта, толькі што з-за масавых рэпрэсіяў яны баяцца аб гэтым сказаць. Мы спадзяемся, што хаця б неяк зможам ім дапамагчы”.

Амаль адначасова – каля 10 гадзіны паводле менскага часу – пікеты пачаліся ў Брусэлі, Парыжы, Празе і Боне. Сябры Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня ўручылі супрацоўнікам беларускай амбасады ў Бэльгіі пэтыцыю, у якой пратэстуюць супраць перасьледу актывістаў незалежных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, журналістаў, а таксама нагадваюць аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у фальсыфікацыях.

Потым некалькі ўдзельнікаў пікету засталіся каля амбасады, каб правесьці апытаньне на выхадзе з пасольства тых беларусаў, хто будзе галасаваць, а астатнія перайшлі ў цэнтар Брусэлю. Зьміцер Піменаў:

(Піменаў: ) “Цяпер мы стаім ў цэнтры гораду на пляцы імя Шумана – зьбіраецца даволі шмат людзей”.

У Празе ў часе аналягічнага апытаньня, якое наладзілі ўдзельнікі акцыі пратэсту каля амбасады, лідэр вызначыўся ўжо каля 14 гадзіны паводле Менскага часу. З чэскай сталіцы – Аўген Сідорык:

(Сідорык: ) “Прагаласавалі каля ста чалавек, зь іх адзін за Гайдукевіча, па двое за Лукашэнку і Казуліна, а астатнія ўсе за Мілінкевіча.

У сваю чаргу ў Парыжы супрацоўнікі беларускай амбасады адмовіліся ўзяць ва ўдзельнікаў пікету падобную пэтыцыю. Удзельнік акцыі ў Парыжы Павал Хівук.

(Хівук: ) “Мы спрабавалі перадаць пэтыцыю, але яны наадрэз адмовіліся. Паліцыянт спрабаваў дапамагчы, але яны адмовіліся, кажуць кідайце ў паштовую скрынку”.

Між тым каля амбасады Беларусі ў Варшаве а 15-й гадзіны паводле меснкага часу таксама адбылася акцыя пратэсту, у якой узяў удзел старшыня Дэмакратычнай партыі Польшчы і віцэ-сьпікер Эўрапйескага парлямэнту Януш Анышкевіч, якога ўчора беларускія ўлады не пусьцілі ў Беларусь.

Каля амбасады сябры Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі наладзілі таксама альтэрнатыўнае галасаваньне, вынікі якога будуць вядомыя ўвечары пасьля 20-й гадзіны, калі там адбудзецца яшчэ адна дэманстрацыя.
XS
SM
MD
LG