Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: “Мой арышт стане хуткім канцом улады”


Радыё Свабода “Я ўпэўнены, што краіна зробіць правільны выбар і прагаласуе за нашых дзяцей і ўнукаў”, заявіў кандыдат на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч 19 сакавіка ў Менску адразу пасьля галасаваньня на выбарчым участку №13, паведамляе БелаПАН.

Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да журналістаў і выказаў упэўненасьць, што ў Беларусі “настануць свабода, праўда й справядлівасьць”. “Хачу яшчэ раз запрасіць прыхільнікаў пераменаў прыйсьці ўвечары на пляц сталіцы. Гэта будзе абсалютна мірны выхад людзей з кветкамі, сьвята свабоды. Якімі б афіцыйныя вынікі галасаваньня ні былі, людзі прыйдуць на плошчу, каб сказаць: мы хочам жыць у свабоднай эўрапейскай і цывілізаванай краіне”.

“Мы не зьбіраемся выбіраць прэзыдэнта на плошчы, бо няма такой традыцыі ў нашай краіне. Але мы будзем казаць, як праходзяць выбары і якія шанцы на свабоду мы маем. Калі будуць правакацыі, адказнасьць за іх ляжа на кіраўніцтва Беларусі”, заявіў А.Мілінкевіч. Паводле ягоных слоў, выбары ідуць “зь цяжкасьцямі, бо практычна ўсе актывісты абласных і раённых структураў арыштаваныя, а большасьць людзей сядзіць у турмах. За пэрыяд выбарчай кампаніі затрымана болей за тры сотні актывістаў нашых штабоў, з 30-ці маіх давераных асобаў 9 знаходзяцца ў турме”.

Мілінкевіч адзначыў: самыя лепшыя вынікі выбараў адбыліся ў розумах людзей. “Людзі вызваліліся ад страху, сталі больш сьмелымі й актыўнымі, краіна палітызавалася. Я вельмі рады гэтаму, бо беларусаў заўсёды папракалі за пасіўнасьць і няўменьне адстаяць свае правы”, падкрэсьліў А.Мілінкевіч. А затым рашуча дадаў: “Мой арышт стане хуткім канцом улады”.

(Паводле БелаПАНу)
XS
SM
MD
LG