Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: з участка №35 у Кастрычніцкім раёне выдалілі назіральніка


Радыё Свабода, Віцебск Пра гэта паведаміла Алена Залесская, назіральніца пры раённай выбарчай камісіі. Яна не выключае, што выдаленага назіральніка ад каманды А.Мілінкевіча Сяргея Парсюкевіча бууць трымаць пад вартай да суда.

Падставай для такога меркаваньня ёсьць тое, што Сяргея Парсюкевіча ў часе агітацыйнае кампаніі тройчы затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, і на яго складзеныя 3 пратаколы : за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, за распаўсюд каляндарыкаў з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча і за распаўсюд налепак “Я за Свабоду”.

16-га сакавіка яго ўжо былі выклікалі ў суд, але працэс мусілі адкласьці з прычыны ягонае хваробы. Дарэчы, доктарцы з паліклінікі МУС, якая выдала яму бюлетэнь, пагражаюць службовай вымовай, бо, на думку ейнага начальства, спадара Парсюкевіча належала шпіталізаваць, каб ён ня змог арганізаваць выезд віцебскіх апазыцыянэраў у Менск.

Сяргей Парсюкевіч у Менск не зьбіраўся, бо ён зарэгістраваны назіральнікам на выбарчым участку, што месьціцца ў Віцебскім мэдычным унівэрсытэце. Адтуль яго сёньня і забралі міліцыянты паводле скаргі кагосьці з сябраў камісіі – нібыта ён перашкаджае іхнае працы. Іншыя падрабязнасьці пакуль невядомыя, бо зьвязацца з самім Сяргеем Парсюкевічам немагчыма: ягоны мабільны тэлефон не адказвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG