Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цэнтравыбаркам зарэгістраваў каля 33 000 назіральнікаў


Радыё Свабода За выбарамі прэзыдэнта Беларусі сочаць унутраныя й міжнародныя назіральнікі. Як паведамляе старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, на сёньня зарэгістравана каля 33 000 назіральнікаў. Асноўная іх частка канцэнтруецца ў Менску й абласных цэнтрах.

Зарэгістраваны й працуюць дзьве буйныя міжнародныя місіі — назіральнікаў АБСЭ, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ды сябры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, і місія СНД — назіральнікі ад Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД й Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі й Расеі. Акрамя таго, у якасьці назіральнікаў акрэдытаваныя амбасадары ўсіх дзяржаў, якія прадстаўлены ў Беларусі. Агульная колькасьць замежных назіральнікаў — 1 235 чалавек.

Лідзія Ярмошына запэўнівае, што ўдзел у выбарчай кампаніі бяруць больш за 31 000 нацыянальных экспэртаў.

Адпаведна зь беларускім заканадаўствам, назіральнік мае права знаходзіцца на выбарчым участку ад моманту яго адкрыцьця й да падвядзеньня вынікаў галасаваньня, а таксама сачыць за падлікам галасоў. Са словаў старшыні Цэнтравыбаркаму, назіральнік можа "сваімі намаганьнямі й са сваіх сродкаў размножыць пасьля копію пратаколу, які вывешваецца на выбарчым участку". "Назіральнік можа выказваць заўвагі, але толькі ў такім разе, калі бачыць сапраўды парушэньне закону, а не таму, што яму штосьці падаецца", удакладніла Лідзія Ярмошына.

Старшыня Цэнтравыбаркаму дадала, што паўнамоцтвы назіральнікаў сканцэнтраваны ў самой назьве — яны мусяць назіраць менавіта за працэсам выбараў.
XS
SM
MD
LG