Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Вячаслаў (Вячка) Адамовіч (1890, Ашмяны – ?)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ад часоў Льва Сапегі й Васіля Цяпінскага нашы літаратары ўмелі трымаць у руках ня толькі пяро, але й зброю, а ваяры не бяз посьпеху займаліся літаратурнымі штудыямі. Выдатны прыклад гэтага на пачатку мінулага стагодзьдзя даў Вячаслаў ( Вячка) Адамовіч, ён жа – атаман Дзяргач.

Карэспандэнт “Нашае Нівы” і ўдзельнік Першай сусьветнай вайны, ён стаў адным зь лідэраў сялянскай паўстанцкай арганізацыі “Зялёны Дуб” і начальнікам штабу яго антыбальшавіцкіх партызанскіх аддзелаў, у якіх, дарэчы, ваяваў будучы знакаміты польскі пісьменьнік, аўтар раманаў “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы” і “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” беларус Сяргей Пясецкі.

Адамовічу-Дзяргачу далёка да літаратурнай славы свайго падначаленага, але ягоныя апавяданьні і сёньня зь цікававсьцю чытаюцца дзякуючы сваёй жывой мове, дынамізму й вострым сюжэтам. Немалы розгалас мелі стылізаваныя пад дзёньнікавыя запісы нататкі камандзіра паўстанцаў, што друкаваліся ў 1919-м у газэтах “Звон” і “Беларусь”.

“А, вот красавица!” – радасна крыкнуў начальнік. – “Куда прикажете её, товарищ Вендров? На сено или в избу? – Тащи на сено!..” І тут: ”Грукнуў стрэл. Пакаціўся на зямлю член ЦК. Як анёлы сьмерці, наляцелі зеленадубцы на ашалеўшых красных д’яблаў...”

Упэўнены стыль Вячкі Адамовіча адчуваецца і ў падпісаных атаманам Дзяргачом дакумэнтах узначаленай ім арганізацыі: “Зялёны Дуб” лічыць, што толькі цесная сувязь і дружба з аднаго боку з Польшчай, з другога з Украінай, могуць стварыць палітычную кан’юнктуру, пры якой можэбна істнаваньне незалежнага Беларускага Гаспадарства”.

А яшчэ ён быў проста геніяльным кансьпіратарам, у выніку чаго дасьледнікі ня маюць сёньня аніводнага здымку Дзяргача й блытаюць яго з бацькам, таксама Вячаславам. Менавіта Адамовічу-старэйшаму належаць даты жыцьця, пададзеныя як у Беларускай Энцыкляпэдыі, так і ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі.
XS
SM
MD
LG