Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр СПС М.Бялых: “Спадзяюся, што заўтра крывавых падзей не адбудзецца”


Радыё Свабода Расейскі Саюз правых сіл накіраваў у Беларусь у якасьці назіральнікаў каля 50 чалавек, паведаміў “Свабодзе” лідэр партыі Мікіта Бялых. Праўда, частка іх ужо дэпартаваная зь Беларусі. Сам спадар Бялых мяркуе заўтра выйсьці на цэнтральную плошчу Менску разам зь беларускай апазыцыяй.

Лідэр СПС Мікіта Бялых ехаў у Беларусь, як ён сказаў, партызанскімі сьцежкамі і з выключанымі тэлефонамі, каб ня быць заўчасна заўважаным спэцслужбамі і ня трапіць у лік дэпартаваных расейскіх актывістаў. Саюз правых сіл выступаў каардынатарам і для іншых расейскіх арганізацыяў, якія хацелі накіраваць на выбары ў Беларусь сваіх актывістаў: “Оборона”, “Я думаю”, “Мы”, шэрагу праваабарончых структур, паведаміў “Свабодзе” спадар Бялых.

(Бялых : ) “Яны ўсе як бы акрэдытаваныя ў якасьці журналістаў нашай газэты “Правое дело”. І з Гомеля якраз дэпартавалі людзей, якія зьяўляюцца сябрамі моладзевага руху “Оборона”, якія былі ў складзе нашай дэлегацыі”.

Паводле спадара Бялых функцыі назіральнікаў у Беларусі вельмі абмежаваныя, яны ня могуць сачыць за падлікам галасоў, ня могуць паспрыяць правядзеньню апытаньняў экзыт-пол, таму агулам у Беларусь прыехала толькі 50 чалавек ад расейскіх дэмакратаў. Спадар Бялых адмовіўся адказаць на пытаньне, ці купіў ён зваротны білет і на які дзень. Ён заявіў, што абавязкова возьме ўдзел у пасьлявыбарчай акцыі беларускай апазыцыі ў цэнтры Менску:

(Бялых: ) “Я вельмі спадзяюся, што заўтра вечарам ніякіх крывавых падзей не адбудзецца. Я сапраўды хачу верыць, што гэта будзе мірная дэманстрацыя людзей, якія адстойваюць свае правы, свае законныя інтарэсы як выбарцы”.

Спадар Бялых назваў “Свабодзе” асноўныя мэты свайго прыезду ў Беларусь. Першая носіць, як ён сказаў, навукова-практычны характар:

(Бялых: ) “Рэжым, які склаўся ў Беларусі – гэта той рэжым, да якога Расея ідзе вельмі ўпэўненымі крокамі. І тое, якім чынам дзейнічае дэмакратычная апазыцыя, якім чынам працуе і аб’ядноўваецца дэмакратычнае грамадзтва, гэта можа быць вельмі хутка прымяняльна і ў Расеі”.

Апрача таго, спадар Бялых заявіў, што ён хацеў убачыцца ў гэты час асабіста з Аляксандрам Мілінкевічам:

(Бялых: ) “Асабіста хачу як чалавек падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча, зь якім у нас за гэтыя паўгады склаліся цёплыя адносіны, і калі я ў кастрычніку мінулага года на Кангрэсе дэмакратычных сіл заявіў, што мы як партыя і я асабіста будзем яго падтрымліваць, я гэтыя абавязкі лічу неабходным выканаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG