Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: “У нас сытуацыя Польшчы часоў “Салідарнасьці”


Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч сёньня пад час размовы з замежнымі журналістамі заявіў, што ўлады істотна паўплывалі на стан ягонай каманды, бо арыштаваны кіраўнікі мясцовых штабоў, арганізатары назіраньня на ўчастках, і цяпер у турмах знаходзіцца больш за 100 чалавек.

Журналісты папрасілі спадара Мілінкевіча выказаць свой прагноз на заўтра:

(Мілінкевіч: ) “Прагноз на заўтра — яны абвесьцяць вынікі, якія ўсім даўно вядомыя. Ён ня любіць меней за 75 адсоткаў, і яму гэта падораць. Ён сам сябе прызначыць на чарговы тэрмін. Але народ ужо іншы — ён актывізаваўся й палітызаваўся. Я ведаю, што палова краіны будзе сьмяяцца з гэтага. Сьмех — лепшая зброя супраць дыктатуры”.

Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся параўноўваць сытуацыю ў Беларусі з тым, што адбывалася ў Грузіі ці Ўкраіне:

(Мілінкевіч: ) “У нас сытуацыя Польшчы часоў “Салідарнасьці”. Гэта бачна відочна: там быў жорсткі й рэпрэсіўны камуністычны рэжым. Там ніхто не спадзяваўся, што будуць сумленныя выбары — пры камунізьме іх не было. І пры Лукашэнку ня будзе. “Салідарнасьць” — гэта нешта накшталт нашай кааліцыі. Мы працуем і ведаем, што перамога будзе. Калі мы яе заўтра не даможамся, мы яе даможамся празь месяц, праз тры. Перамога будзе”.

Аляксандар Мілінкевіч адрэагаваў на ўчарашнія заявы Лукашэнкі:

(Мілінкевіч: ) “Гэта глупства. Папросту яму трэба сонныя сродкі прымаць — і спаць лепей. Бо яму сьняцца гэтыя чэрці, тэрарысты й дывэрсанты. Мне падаецца, што я зусім не падобны да тэрарыста, нягледзячы на маю бараду”.
XS
SM
MD
LG