Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назіральніка аштрафавалі на 155 тысяч за фатаграфаваньне


Радыё Свабода, Віцебская вобл. Гарадоцкі раённы суд прызнаў, што Леанід Гаравы, сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча і журналіст недзяржаўнай газэты “Віцебскі кур''ер”, перашкаджаў працы выбарчай камісіі на Баграмянаўскім выбарчым участку. Разгледзеўшы скаргу старшыні камісіі, спадарыні Палянічкі, судздзя Уладзімер Гладкоў наклаў на апазыцыянэра штраф памерам 5 базавых велічыняў.

Старшыня камісіі Баграмянаўскага выбарчага частку скардзілася на тое, што назіральнік Гаравы фіксаваў парушэньні на ўчастку з дапамогаю тэхнічных сродкаў і фотаапарата. Такім чынам яму ўдалося засьведчыць, як студэнтаў мясцовага каледжу прывёў на ўчастак выкладчык, як у кабіну для галасаваньня людзі заходзілі ўдвох, і як некалькі бюлетэняў выдавалі па адным пашпарце.

Леанід Гаравы ніякага правапарушэньня ў гэтых дзеяньнях ня бачыць, пра што й заявіў у судзе.

(Гаравы: ) “ Пару кадраў зрабіў. Выбарцы не былі супраць. Дыктафон уключаў. Ну і што? У якім артыкуле напісана, што гэтага рабіць нельга?”

Судзьдзя таксама пагадзіўся, што гэта ня ёсьць парушэньнем, але прызнаў спадара Гаравога вінаватым за тое, што ён падыходзіў да стала рэгістрацыі ў той час, калі там не было сябраў камісіі. Такім чынам, назіральнік нібыта замінаў выбарчаму працэсу.

Леанід Гаравы шкадуе, што гэтае разьбіральніцтва, ініцыяванае старшынёй камісіі, перашкодзіла яму выконваць функцыі назіральніка цягам апошніх сутак.

(Гаравы: ) “Тэарэтычна, мяне “вырвалі” на суткі з працы: учора а 16-й мяне забрала з участка міліцыя, а сёньня я з 9-й да 16-й гадзіны быў у судзе. Невядома, колькі за той час на ўчастку пабывала выбарцаў, колькі там пападавалі бюлетэняў у ядны рукі, і што ўвогуле там адбывалася”.

Сёньня ўвечары Леанід Гаравы плянуе зноў пабываць на выбарчых участках: ён мае на гэта права ня толькі як назіральнік, але й як дэпутат раённага савету. Дарэчы, ягоны статус вымагаў таго, каб санкцыю на прыцягненьне да судовай адказнасьці дэпутата выдаў раённы пракурор, што і было зроблена. І суд над апазыцыйным дэпутатам адбыўся сёньня, нягледзячы на выходны дзень.


На Баграмянаўскім выбарчым участку ў Гарадку
XS
SM
MD
LG