Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін пра вынікі агітацыйнай кампаніі: "Мы змаглі расхістаць устоі ўлады"


Радыё Свабода Чым займаліся С.Гайдукевіч, А.Казулін і А.Лукашэнка 18 сакавіка?

Сяргей Гайдукевіч разам са сваімі актывістамі працягваў раздачу рэштак агітацыйнай прадукцыі ў Менску.

(Гайдукевіч: ) “Трэба як мага больш людзей ахапіць. Сёньня толькі вынесьлі больш за 38 тысяч календароў. Колькі матэрыялаў раздаецца! Там ужо падыходзіла місія АБСЭ, Барадзін. Усяго 18 пунктаў. Зроблены два колы. Адно кола —– Камароўка, ЦУМ, Якуба Коласа. І вось так коламі разыходзіцца”.

Паводле спадара Гайдукевіча, за распаўсюд прадукцыі затрымана каля 70 ягоных актывістаў, зь іх 12 выпісаны позвы ў суд. Апошнія затрыманьні агітатараў былі ў Віцебску.

Сяргей Гайдукевіч таксама сустрэўся сёньня з назіральнікамі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

(Гайдукевіч: ) “Калі Казулін і Мілінкевіч выступалі ў залі, мяне ў залю не пусьцілі. Я чакаў 30 мінут. Мяне запрасілі перад дэпутатамі Парлямэнцкай асамблеі адказаць на пытаньні. Я прыйшоў і пытаю: “У вас ёсьць якія-небудзь пытаньні па прэзыдэнцкай кампаніі?” Адказваюць: "Няма пытаньняў". Я кажу: "Дзякую за ўвагу". І мне пачала пляскаць палова залі”.

Аляксандар Казулін выступаў перад назіральнікамі каля 45 хвілін.

(Казулін: ) “Я выступаў пасьля спадара Чаргінца, які там вельмі цікавыя прыклады падаваў. А я сказаў, што гэта ў нас вельмі яркі прыклад дэмагогіі — і з экранаў тэлевізіі, і дэмагогіі ўлады. Я на прыкладах патлумачыў, чаму гэта ёсьць дэмагогіяй”.

Аляксандар Казулін таксама пабываў на менскіх рынках.

(Казулін: ) “На Ждановіцкім рынку разам з насельніцтвам, выбарцамі робім пакупкі, сустракаемся, абмяркоўваем нейкія праблемы…”

Спадар Казулін падсумоўвае вынікі сваёй агітацыйнай кампаніі:

(Казулін: ) “Мы за кароткі прамежак часу змаглі зрабіць немагчымае. Мы змаглі расхістаць устоі ўлады, якія дагэтуль здаваліся непахіснымі, жалезабэтоннымі. Насамрэч аказалася, што ўлада, нібы картачны домік, які варта ледзь-ледзь пахіснуць — і ён рассыпаецца. Улада трымаецца толькі на штыках, на страху й кампрамаце. Але гэта ўжо ілжывая ўлада”.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчу з назіральнікамі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ не прыйшоў і працягваў выконваць абавязкі кіраўніка краіны. Паводле прэсавага сакратара Дзьмітрыя Косьціна, мяркуецца сустрэча сяброў штабу з назіральнікамі. Сёньня ж давераныя асобы кандыдата праводзілі агітацыйныя сустрэчы з выбарцамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG