Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Мы не зьбіраемся разрываць ланцугі АМОНу” (фотарэпартаж)


Радыё Свабода Сёньня завяршаецца перадвыбарчая агітацыя. У апошні дзень перад выбарамі кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч правёў сустрэчу з выбарцамі ля кінатэатру “Кіеў”. Ён заявіў, што заўтрашняя акцыя пратэсту пройдзе мірна й годна, ды аспрэчыў запалохваньні ўладаў і фальшывыя ўлёткі.

Сустрэча адбылася на вуліцы. Кінатэатар “Кіеў”, залю якога прасіў менскі штаб А. Мілінкевіча, сёньня зачынены “з тэхнічных прычынаў”. Мітынг адбыўся на прыступках кінатэатру з удзелам вялікай колькасьці прадстаўнікоў беларускай і замежнай прэсы.

Спадар Мілінкевіч заявіў, што рэальны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі складае каля 40 адсоткаў, і ў першым туры ён ня можа выйграць сумленныя выбары. Кандыдат на прэзыдэнта паўтарыў свой зварот да грамадзян прыйсьці на цэнтральную плошчу Менску ўвечары 19 сакавіка.

(Мілінкевіч: ) “Даю вам слова, што ніякіх атрадаў тэрарыстаў няма і ў паміне, ніхто не рыхтуецца да гвалту, мы не зьбіраемся разрываць ланцугі АМОНу, якія будуць стаяць са шчытамі. Мы іх папросту абыдзем, знойдзем месца пагаварыць. Мы хочам вам распавесьці, якая праўда ў гэтых выбарах, якія вынікі па ўсёй краіне. Хіба мы ня маем на гэта права? Маем!”

Спадар Мілінкевіч заклікаў здаваць праваахоўным органам усіх, хто будзе правакаваць бойку зь міліцыяй і іншыя беспарадкі, і паказаў правакацыйныя ўлёткі, якія сёньня расклейваюцца па Менску:

(Мілінкевіч: ) “Гэта падробка, гэта фальшыўка. Абсалютная правакацыя. Тут напісана: “19 сакавіка – дзень волі. Белград – Тбілісі, Кіеў. Наступным будзе Менск”. Я ня буду ўсяго чытаць. Але сказана, што Мілінкевіч прыме прысягу на плошчы. Ня будзе гэтага. Бо не абіраюць прэзыдэнтаў на плошчах. Маецца ў гэтай улётцы й “прапанова”: “На сілу рэжыму адкажам падвоенай сілай”. Ня будзе сілы рэжыму — я ў гэта веру. А мы, тым больш, сілы ўжываць ня будзем. Ня верце фальшыўкам”.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня будзе заклікаць сваіх паплечнікаў заўчасна сыходзіць з плошчы:

(Мілінкевіч: ) “Я даю вам слова, што не сыду з плошчы. Я ня зьеду з краіны — нават калі мне пагражаюць турмой. Кажуць, што расстрэл Мілінкевічу пагражае, што ён галоўны тэрарыст краіны. І кааліцыя, якую я прадстаўляю, не распадзецца, мы будзем разам з вамі да перамогі дэмакратыі”.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы параўнаў цяперашнія выбары з вызвольным паўстаньнем 1863 году — для народу, але безь ягонай большасьці.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў на гэта, што такога ўздыму актыўнасьці й палітызаванасьці ў Беларусі не было з часоў перабудовы.

Людзі рэагавалі на выступ Мілінкевіча па рознаму:

(Спадар: ) “За Мілінкевіча. 19-га пайду на мітынг. З задавальненьнем пайду. Нічога не палохае. Ужо надакучыў гэты таварыш”.

(Спадарыня: ) “Я хачу галасаваць за нашу Беларусь, за моцную свабодную й ні ад каго не залежную”.

(Спадарыня: ) “Народ наш беларускі памяркоўны, не дапусьціць кровапраліцьця. Але хоча, каб была праўда”.

Працоўны дзень адзінага кандыдата ад апазыцыі А.Мілінкевіча ў фотаздымках:


Падчас апошняй сустрэчы з выбарцамі


У аўтобусе паміж працоўнымі сустрэчамі


Пад час працоўнай нарады ў офісе


Сустрэча з журналістамі


Працоўная нарада ў офісе


Роздум напярэдадні выбараў


Выступ на канцэрце на плошчы Бангалёр
XS
SM
MD
LG