Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі чалавек усяго затрымана за час перадвыбарчай кампаніі?


Радыё Свабода Паводле розных дадзеных, у часе перадвыбарчай кампаніі былі арыштаваныя ад 100 да 200 актывістаў штабоў кандыдатаў на прэзыдэнта й актывістаў дэмакратычнага руху. Чаму гэтак адрозьніваюцца дадзеныя аб арыштаваных і няма дакладнай лічбы?

Колькі чалавек усяго затрымана й арыштавана за час перадвыбарчай кампаніі? Акрамя штабоў кандыдатаў на прэзыдэнта, гэтыя падлікі вядуць таксама ў некаторых грамадзкіх арганізацыях, у першую чаргу — праваабарончых. Выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак кажа, што дадзеныя розьняцца:

(Гулак: ) “Справа ў тым, што гэтых лічбаў некалькі. Вось Казулін зь Мілінкевічам учора агучылі лічбу — каля 180 арыштаваных актывістаў. У нас ёсьць дакладныя дадзеныя: нешта пад 70 чалавек. Але гэтыя лічбы ўвесь час мяняюцца. Прыкладам, раніцай патэлефанавалі, што затрымалі Шчарбака ў Шклове. Лічбы, на жаль, не статычныя”.

Праваабаронца адзначае, што пераважная большасьць актывістаў пакарана, нібыта, за дробнае хуліганства. “Паводле міліцыі, чамусьці прыстойныя людзі сталі хуліганіць і лаяцца матам”, зазначае Алег Гулак.

Шмат арыштаваных сярод актывістаў незарэгістраваных арганізацыяў. У вязьніцах знаходзяцца болей за 10 актывістаў “Зубру”, 4 актывісты “Партнэрства” ды іншыя.

Актывіст штабу Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Лабковіч адмыслова вядзе ўлік сваіх арыштаваных калегаў.

(Лабковіч: ) “Усяго за час кампаніі затрымана звыш 150 актывістаў штабоў Мілінкевіча, зь іх больш за 70 арыштаваны”.

Паводле Ўладзімера Лабковіча, найбольшыя страты панесьлі штабы ў Гарадзенскай, Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях. Калі першыя арыштаваныя атрымлівалі тэрміны 15 сутак, то ў апошнія дні караюць арыштам на 7 і 5 сутак. Але ніводзін зь вязьняў ня выйдзе на волю да 19 сакавіка. Сярод арыштаваных актывістаў штабоў Мілінкевіча — 6 ягоных давераных асобаў, у тым ліку лідэр БНФ Вінцук Вячорка.

Прэсавы сакратар штабу Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская паведаміла, што арыштавана болей за 20 ейных калегаў. Зь яе слоў, нашмат болей было часова затрымана.

(Шыдлоўская: ) “Шмат каго затрымлівалі, правяралі, адбіралі агітацыйныя матэрыялы і адпускалі”.

Нагадаю, што 2 сакавіка быў зьбіты й затрыманы сам кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Пазьней пракуратура абвясьціла, што на Казуліна заведзены дзьве справы — крымінальная і адміністрацыйная.

А як сябруюць з законам актывісты штабоў Сяргея Гайдукевіча й Аляксандра Лукашэнкі?

Дзьмітры Косьцін, прэсавы сакратар штабу Лукашэнкі, паведаміў толькі пра дробныя інцыдэнты зь міліцыянтамі з тае прычыны, што актывісты забывалі пасьведчаньні прадстаўнікоў штабу.

Кіраўнік штабу Сяргея Гайдукевіча Ўладзімер Каруліс заявіў пра “шматлікія” затрыманьні ягоных калегаў, але лічбаў не назваў.

(Каруліс: ) “Вельмі шмат затрымлівалі. Нават сёньня на Камароўцы нашу групу затрымалі. Паводле розных прыдуманых падстаў. Але дакладнай лічбы ніхто не назаве”.

Між тым, у праваабарончых арганізацыях няма дадзеных пра тое, каб нехта з затрыманых актывістаў штабоў Сяргея Гайдукевіча быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту.

Ці змогуць арыштанты прагаласаваць? Выбарчы закон не пазбаўляе іх гэтага права. У менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна мне паведамілі, што выбары там пройдуць заўтра, 19 сакавіка — для гэтага падрыхтаваны асобны пакой. Пры гэтым, дзяжурны пацьвердзіў зьвесткі пра тое, што днямі адміністрацыя ізалятару забараніла перадаваць арыштантам перадачы.

(Дзяжурны: ) “Так, часова спынены перадачы. Чаму — ня ведаю. Пытайцеся ў майго кіраўніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG