Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка затрыманьняў у рэгіёнах - 18 сакавіка


Радыё Свабода 18 сакавіка працягваліся затрыманьні апазыцыйных актывістаў выбарчай кампаніі у Берасьці, Ваўкавыску, Гомелі, Пінску і іншых гарадох Беларусі.

У Астраўцы мясцовага актывіста выбарчай кампаніі Мікалая Ўласевіча абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Мікалай Уласевіч стаяў на вуліцы, да яго падыйшлі двое міліцыянтаў і запатрабавалі прайсьці ў пастарунак. Ён пачаў удакладняць – навошта. Тады яго зацягнулі ў пастарунак сілаю. Сёньня ж, не зважаючы на выхадны дзень, адбыўся суд: Мікалай Уласевіч асуджаны на 5 сутак.

* * * Сёньня раніцай у Гомелі супрацоўнікі транспартнай міліцыі затрымалі трох грамадзянаў Расеі: Аляксея Навасёлава, Андрэя Хачатурава й Аляксандра Гальмакова. Усе яны – студэнты з Екацярынбургу і спэцыяльныя карэспандэнты газэты “Правое дело”.

Гомельскія міліцыянты адмовіліся паведаміць прычыны затрыманьня расейцаў. Два карэспандэнты газэты “Правое дело” былі сёньня затрыманыя і ў Горадні, але былі выпушчаныя праз гадзіну.

Таксама ў Гомелі сёньня затрыманы актывіст мясцовай каманды Мілінкевіча Андрэей Толчын. Ён выйшаў з кватэры з жонкай, калі яго затрымалі два міліцыянты ў цывільным. Прычына затрыманьня невядомая. Сёньня адбыліся суды над затрыманымі ўчора гомельскімі актывістамі Юрасём Захаранкам і Ўладзімерам Шыцікавым. Першы зь іх пакараны 7 суткамі арышту, другі — 10.

* * * У Ваўкавыску сёньня затрымалі Андрэя Шантаровіча — галоўнага рэдактара “Местной газеты”: пад’ехала міліцэйская машына, зь яе выйшлі два міліцыянты й схапілі яго. Андрэй пасьпеў паведаміць па тэлефоне сябрам, што яго даставілі ў райаддзел міліцыі. Пасьля гэтага сувязь абарвалася.

Ад учорашняга дня побач з дамамі ваўкавыскіх актывістаў выбарчай кампаніі Мілінкевіча дзяжураць міліцыянты. Аляксандра Барадаўкіна нават папярэдзілі, калі ён захоча выехаць з гораду, яго затрымаюць. Зараз побач зь яго домам ходзяць два міліцыянты. Мікола Аксаміт таксама сядзіць у сваёй кватэры і назірае за міліцыянтамі з балькону. Калі ён пачаў іх фатаграфаць, міліцэйская машына ад’ехала.

* * * Сёньня ў Берасьці, прыблізна а 12-й гадзіне, каля ўнівэрсаму “Брэст” была заблякаваная машына, у якой знаходзіўся кіраўнік абласнога штабу Мілінкевіча Юрась Губарэвіч.

Пра гэта пасьпеў паведаміць праз мабільны тэлефон сам спадар Губарэвіч. І адразу сувязь зь ім абарвалася.

Цяпер Юрась Губарэвіч знаходзіцца ў аддзеле ўнутраных спраў Маскоўскага раёну Берасьця.

Нагадаем, што на працягу гэтага тыдня былі арыштаваныя й іншыя актывісты выбарчай кампаніі ў Берасьці — Сьцяпан Навасельчан, Зьміцер Шыманскі, Рыгор Бакіевіч.

* * * У Шчучыне на 10 сутак асуджаны актывіст Васіль Бязьмен – за тое, што ён быццам у грамадзкім месцы нецэнзурна лаяўся і зьвяртаў на сябе ўвагу мінакоў. Дзьве супрацоўніцы шпіталю, зь якімі працуе Васіль Бязьмен, казалі ў судзе, што ён наагул ніколі нецэнзурна не выказваецца. Аднак іх паказаньні суд не ўлічыў.

* * * У Пінску актывіст штабу Мілінкевіча, былы падводнік, а цяпер вайсковы пэнсіянэр Павал Аляхновіч, які быў асуджаны 15 сакавіка Пінскім гарадзкім судом “за дробнае хуліганства”, абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць пакараньня, якое ён лічыць несправядлівым і палітычна матываваным.
XS
SM
MD
LG