Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя менчукі выйсьці на плошчу?


Радыё Свабода Кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін заклікалі выбарцаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менску 19 сакавіка. Як ставяцца да гэтага закліку менчукі й ці гатовыя яны выйсьці на вуліцу?

(Юначка: ) “Я гатова выйсьці на вуліцу, бо, паводле закону, мы яшчэ дэмакратычная краіна. Гэта значыць, што кожны чалавек мае права на свабоду выбару й свабоду слова. Таму я лічу: калі чалавека не задавальняе становішча ў краіне, то ён мае права выйсьці на вуліцу”.

(Карэспандэнтка: ) “Два кандыдаты на прэзыдэнта, Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, заклікаюць выйсьці на вуліцу, калі людзей не задаволяць вынікі выбараў. Як Вы ставіцеся да гэтых заклікаў і ці гатовыя самі выйсьці?”

(Спадар: ) “Станоўча стаўлюся й гатовы выйсьці”.

(Спадарыня: ) “Я не гатовая выйсьці: па-першае, занятая на працы, а па-другое — страшна за сябе й за сваіх блізкіх”.

(Юнак: ) “Ці гатовы я выйсьці на плошчу? Вы ведаеце, я за тое, каб абараняць свае правы”.

(Спадарыня: ) “Я не пайду на плошчу, бо, наколькі я сачу за навінамі, нас папярэдзілі, што міліцыя падрыхтавала і кулі, і сабачак. І гэткім чынам папярэдзілі, што гэта будзе небясьпечна для жыцьця”.

(Юначка: ) “Да заклікаў я стаўлюся станоўча. Мы папросту маем права на праўду й на сваю думку”.

(Спадар: ) “Кіраўніцтва краіны даўно пара мяняць. Таму гатовы выйсьці разам з усімі”.

(Спадарыня: ) “Я не лічу, што гэта яны заклікаюць нас выйсьці на вуліцы. Ні Мілінкевіч, ні Казулін, а мы самі павінны гэта адчуваць. Народ сам павінен сасьпець і зразумець, каб выйсьці на вуліцы. Я сама асабіста, і мае дзеці, і мой муж выйдзем на вуліцы супраць таго рэжыму, які цяпер маем”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці самі асабіста Вы гатовыя выйсьці на вуліцу?”

(Спадар: ) “Так. Чаму не? Трэба. Каб хоць паказаць, што ёсьць ня толькі людзі, якія прэзыдэнта падтрымліваюць, але й іншыя думкі ў краіне ёсьць”.

(Юначка: ) “Калі людзі незадаволены, яны, канечне, могуць выказваць свой пратэст. Але мы, пэўна, ня пойдзем, бо за сваё жыцьцё баімся”.

(Юнак: ) “Я лічу, што трэба выйсьці на плошчу. Бо гэта наш народ, наша будучыня, і мы мусім вырашаць свой лёс і лёс сваёй радзімы. Калі выбары будуць несапраўднымі, то я гатовы пайсьці на плошчу”.
XS
SM
MD
LG