Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзяржаўныя мэдыі напярэдадні выбараў падтрымліваюць аднаго кандыдата?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 16 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналісты Дзьмітры Дрыгайла і Леанід Міндлін.

(Валер Карбалевіч: ) “У дзяржаўных мэдыях назіраецца новая магутная прапагандысцкая хваля ў падтрымку Лукашэнкі. Як звычайна, гэта робіцца ў парушэньне закону, які прадугледжвае роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў. Гэтая хваля павінна, на меркаваньне ўладаў, нэўтралізаваць тыя ўражаньні, якія зьявіліся ў грамадзтве пасьля выступу кандыдатаў на прэзыдэнта, забясьпечыць перавагу дзейнага кіраўніка. Што вы думаеце пра гэтую прапагандысцкую атаку? І ці дасьць гэта патрэбны эфэкт?”

(Дзьмітры Дрыгайла: ) “Вельмі шмат робіцца для таго, каб даць выбаршчыкам аднабаковае ўяўленьне пра выбарчыя працэсы. Улада відавочна спужалася росту рэйтынгу альтэрнатыўнага кандыдата. А тое, што ўпершыню хіба з 1994 году ўлада мае альтэрнатыўнага кандыдата ў якасьці рэальнага канкурэнта — гэта ёсьць відавочны факт. Рэйтынг Мілінкевіча расьце. А ўлада мае рэальныя вынікі сацыялягічныя, і таму ад гэтага непакоіцца. Яна нэрвуецца і робіць захады, якія лічыць патрэбнымі, каб прадухіліць рост грамадзкай сьвядомасьці, пратэстных настрояў, якія ў выніку могуць вывесьці на вуліцу вялікую колькасьць людзей 19 сакавіка”.

(Леанід Міндлін: ) “Вельмі цікава тое, што адбываецца апошнімі днямі. Таму што пасьля таго, як абодва альтэрнатыўныя кандыдаты зьявіліся на тэлеэкранах, то тон афіцыйнай прапаганды стаў проста шалёны. Я лічыў, што афіцыйная прапаганда будзе працаваць у кірунку пазытыву, што ўсё добра ў нашай краіне, няма вялікіх праблемаў. Але пасьля такіх выступаў пачалася чорная прапаганда, пайшоў чорны піяр. Што тычыцца эфэктыўнасьці, то вядома, што калі ідзе такая атака з усіх кірункаў, то я гэта называю па-расейску “ковровые бомбардировки”. І тэлегледачу ў гэтым цяжка арыентавацца. Таму што альтэрнатыўнай інфармацыі яны не атрымліваюць.

Здаецца, што ў такой тактыкі ёсьць і іншая мэта: дамагчыся, каб грамадзтва баялася. Сёньняшняя прэс-канфэрэнцыя сілавікоў — лішні доказ гэтаму. Мы ўбачым, як гэта падасьць дзяржаўная тэлевізія, радыё, газэты. Улады баяцца 19 сакавіка, баяцца, калі людзі выйдуць на вуліцы. Таму ўжываюць любыя сродкі, каб людзі ад страху сядзелі дома. Ствараецца маўклівая большасьць”.

(Карбалевіч: ) “Апошнімі днямі дзяржаўныя газэты выходзяць масавымі тыражамі. Газэта “Советская Белоруссия” закінутая амаль ва ўсе паштовыя скрынкі. Таксама масавымі тыражамі выйшлі берасьцейская газэта і іншыя газэты. З улікам таго, што значная частка людзей не выпісвае ніякіх газэтаў, мусіць, гэта дасьць пэўны эфэкт?”

(Дрыгайла: ) “Гэта робіцца ня першы раз. Згадаем кампанію 2001 году, калі “Советская Белоруссия” выйшла шматмільённым накладам з інфармацыяй аб апэрацыі “Белы бусел”. Уладае разумее, што нэгатыўная кампанія ня дасьць ёй шмат. Бо нэгатыўныя настроі і так вялікія ў краіне, і яны маюць дачыненьне якраз да ўладаў, іх паводзінаў, захадаў. І таму ўлада зрабіла акцэнт на пазытыўную кампанію, дэвіз якой можа быць акрэсьлены так: “за стабільнасьць”. І адпаведна “За Беларусь”. Тое, што агульнае пасланьне ўладаў беларускацэнтрычнае, гэта тэма іншай размовы. А вось тое, што яно робіцца ўладацэнтрычным — гэта дакладна праява менавіта цяперашняй кампаніі.

Згадайце, што прозьвішчы Мілінкевіч, Казулін і нават Гайдукевіч не рэтрансьлююцца некалькі месяцаў. Гэта фактычна забаронена дзяржаўным мэдыям. Суседнія краіны, дзяржавы Захаду падаюцца ў нэгатыўным пляне. А нашая краіна падаецца як выспа стабільнасьці і дабрабыту. І з гэтай прычыны адмысловы выпуск газэты “Советская Белоруссия” быў прысьвечаны ня ходу кампаніі, а, так бы мовіць, выстаўцы дасягненьняў народнай гаспадаркі. Сёньня на прэс-канфэрэнцыі нашых галоўных сілавікоў і кіраўнікоў спэцслужбаў было зададзена пытаньне наконт учорашняга накладу газэты “Советская Белоруссия”. І, здаецца, генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч сказаў, што ніякага пытаньня да гэтага нумару газэты не ў каго ня ўзьнікне, бо ён цалкам прысьвечаны Дню Канстытуцыі і нашым дасягненьням, там ні за каго не вядзецца агітацыя.

“Советская Белоруссия” і іншыя дзяржаўныя агульнанацыянальныя мэдыі робяць стаўку на захаваньне стабільнасьці. Ідэя “супраць пераменаў” паклалася ў падмурак перадвыбарчых матэрыялаў дзяржаўных мэдыяў. Вельмі выразна сутнасьць афіцыйнай прапаганды выявілася ў газэце “Рэспубліка” (лепш, чым у газэце “Советская Белоруссия”). Гэта абсалютна ўзорны суцэльны агітацыйны прадукт, які робіць улада. Напрыклад, рубрыкі “З жыцьця фарысэяў”, “Аганізуючая апазыцыя” і іншыя праявы, якія зьяўляюцца страшылкамі.

Што тычыцца ўчорашняга нумару газэты “Советская Белоруссия”, то нічога асаблівага там няма. Хіба што можна заўважыць, што агітацыя не пэрсаніфікаваная. Хаця там ёсьць фатаздымкі прэзыдэнта. І ясна, што выраз “За Беларусь” азначае фактычна агітацыю за аднаго з кандыдатаў”.

(Міндлін: ) “Калі ў 2004 годзе напярэдадні рэфэрэндуму выйшаў падобны нумар газэты “Советская Белоруссия” вялізным накладам, я тады сказаў, што гэта грошы на вецер. Вось і ўвесь камэнтар. Каштуе гэта шмат. А эфэкт мізэрны. Досьвед паказвае, што нават больш магутныя сродкі прапаганды не даюць моцнага эфэкту. А пра газэту няма чаго і казаць. Добрая каляровая папера. Незразумелыя тэксты. Калі гэта і прапаганда,то бляклая, нягледзячы на ўсе каляровыя фарбы”.

(Карбалевіч: ) “На гэтым тыдні па беларускім тэлеканалам суцэльнай плыньню ідуць антыамэрыканскія фільмы і перадачы. Па ОНТ ідзе шматсэрыйны фільм “Амэрыка бяз грыму”. Учора па канале БТ паказалі фільм пра, нібыта, умяшальніцтва ў справы Беларусі амэрыканскай амбасады. Днямі плянуецца паказ вядомага фільма “Фарэнгейт 9/11”. У чым сэнс такой прапагандысцкай кампаніі?”

(Дрыгайла: ) “Па-першае, сэнсу тут ніякага няма. Ідзе антыамэрыканскі трэнд, які распачаўся некалькі гадоў таму. Амэрыка ўспрымаецца спадарамі з адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўніком краіны як вораг. Некалькі гадоў і некалькі кампаніяў дзейнічае адзін і той жа прынцып, адны і тыя ж праявы гэтай палітычнай лініі. Яны сьведчаць пра тое, што нічога не мяняецца ва ўспрыманьні ЗША беларускім кіраўніцтвам. Яно бачыць тыя наступствы, якія, нібыта, былі прынесены амэрыканскім кіраўніцтвам у суседнія краіны, дзяржавы постсавецкай прасторы, у югаслаўскія падзеі 2000 году. Усё гэта, канечне, уладу непакоіць. Гэтыя людзі ўсё успрымаюць вельмі лінейна. Яны бачаць толькі палітычны зьмест. Яны лічаць, што амэрыканцы хочуць зьмяніць уладу ў Беларусі.

Што да антыамэрыканскай кампаніі гэтага году, то яна абсалютна нічым не адрозьніваецца ад антыамэрыканскай кампаніі мінулага году і пазамінулага году. Проста адмысловы мэдыйны прадукт, ці прапагандысцкім яго назавіце, зьявіўся цяпер у тэлеэфіры, бо ідзе кампанія. Ён ня новы. Гэта новыя фільмы, але ня новая канцэпцыя. Гэта трэнд”.

(Міндлін: ) “Калі казаць пра гэты тыдзень, то справа якраз у канцэнтрацыі. Што тычыцца ўчорашняга фільму — здаецца, “Дыпмісія”, то ў мяне было ўражаньне, што гэта мэханічная работа. Не відаць ні майстэрства, ні натхненьня. Чалавек проста адпрацаваў грошы. Раней яны рабілі больш энэргічныя работы. Ці то стаміліся прапагандысты АТН, ці грошай мала плацяць. Але праца не прафэсійная. Калі казаць пра ўвесь антыамэрыканскі сэрыял, то ЗША зьяўляецца галоўным праціўнікам афіцыйнага Менску. Мусіць, таму што Злучаныя Штаты займаюць больш прынцыповую пазыцыю адносна правоў чалавека ў Беларусі, падтрымкі трэцяга сэктару і іншага”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам апошняя перад выбарамі хваля прапагандысцкай кампаніі ўладаў зьяўляецца самай моцнай. Яна ладзіцца па ўсіх правілах палітычных перадвыбарчых тэхналёгіяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG