Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі дэпартавалі польскага дэпутата — назіральніка ад АБСЭ


Радыё Свабода Дэпутата польскага сэйму Марака Сускага, якога ўчора ўвечары затрымалі беларускія памежнікі ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”, сёньня апоўдні дэпартавалі зь Беларусі. Спадар Сускі паведаміў, што раніцай яму ўдалося выйсьці на плошчу перад аэрапортам, але за ім выбеглі некалькі супрацоўнікаў спэцслужбаў, яны схапілі яго і фактычна занесьлі ў самалёт, які ляцеў у Варшаву.

Спадар Сускі паведаміў “Свабодзе”, што праавахоўчыя органы парушылі ягоны дыпляматычны імунітэт і зьняважылі ягоную годнасьць.

Ён заявіў, што што да яго не пусьцілі польскіх дыпляматаў, якія знаходзіліся ў аэрапорце.

Спадар Сускі прыбыў у складзе польскай дэлегацыі міжнародных назіральнікаў і меў адпаведную акрэдытацыю. Зь сямёх польскіх назіральнікаў не пусьцілі толькі яго.

(Сускі: ) “Празь дзьве гадзіны прыехала рэжымнае тэлебачаньне, і ад іх я даведаўся, што мне забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. І яны ў мяне пыталіся, чаму я дапускаю правакацыі, бо мне забаронены ўезд, а я прыяжджаю. Я ім адказаў, што ня меў ніякага ўяўленьня, што не магу прыехаць”.

Спадар Сускі кажа, што ў любым выпадку ён ужо ўбачыў атмасфэру ў памежных службах і паглядзеў Беларускае тэлебачаньне:

(Сускі: ) “Я ў поўнай меры заўважыў, як маніпулюе грамадзкай думкай Лукашэнка, які ў галоўным 30-хвілінным выпуску тэленавінаў выступае дваццаць хвілінаў”.

На думку спадара Сускага, беларускія ўлады, не дапусьціўшы яго, парушылі свае забавязаньні перад АБСЭ, а таксама Венскую канвэнцыю аб дыпляматычных дачыненьнях — бо дэпутат мае дыпляматычны пашпарт.

(Сускі: ) “Я знаходіўся пад шчыльным кантролем, два-тры афіцэры мяне пільнавалі. Ноччу яны замкнулі пакой на ключ, каб я ня ўцёк, нібыта я які небясьпечны тэрарыст”.

Марак Сускі мусіў заплаціць за пражываньне ў гэтым спэцыфічным гатэлі.

Спадар Сускі зьяўляецца адным зь лідэраў кіроўнай партыі “Права і справядлівасьць”. Летась ён наведваў Беларусь, падтрымліваў Саюз палякаў, які цярпеў ад ціску беларускіх уладаў. У Польскім сэйме ён падаваў запыты свайму ўраду наконт інфармацыі, якая яму вядомая аб гандлі Беларусьсю зброяй.
XS
SM
MD
LG